БЕЛ Ł РУС

Іранскага доктара дэпартавалі з Беларусі на 30 гадоў

18.06.2026 / 19:24

Nashaniva.com

Грамадзянін Ірана жыў у Беларусі з 2015 года. З меркаванняў бяспекі імя мужчыны не называецца. У яго быў часовы дазвол на жыхарства, ён працаваў доктарам. У красавіку гэтага года мужчына быў затрыманы ў Мінску, зазнаў ціск з боку КДБ і ў выніку быў дэпартаваны да 2056 года, распавядае «Вясна».

Затрыманне за рэпост і 9 гадзін у КДБ

Падставай для пераследу стала перасылка ў асабістых паведамленнях у Instagram допісу з беларускага пратэснага пабліка, прызнанага беларускімі ўладамі «экстрэмісцкім матэрыялам».

Мужчыну затрымалі раніцай і даставілі ў будынак КДБ, дзе ўтрымлівалі на працягу дзевяці гадзін. Са слоў мужчыны, сілавікі адкрыта пагражалі яму, карыстаючыся ягоным уразлівым становішчам:

«Мне казалі, што калі я не буду рабіць тое, што яны хочуць, то яны будуць рабіць, што хочуць, бо ніхто не ведае, дзе я знаходжуся».

Ад затрыманага запатрабавалі запісаць відэа, на якім ён павінен быў заявіць аб падтрымцы Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) і духоўнага лідара Ірана.

Супрацоўнікі ведамства паабяцалі, што ў выпадку запісу такога роліка яго не стануць дэпартаваць па «іранскай справе», аднак за правапарушэнне ў Беларусі яму ўсё роўна прыйдзецца адбыць тэрмін.

У выніку суд прызначыў іранцу 15 сутак адміністрацыйнага арышту па артыкуле 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Пакаранне ён адбываў у ІЧУ на Акрэсціна.

15 сутак без душа, прагулак і з блохамі

Мужчына распавёў пра ўмовы ўтрымання ў ІЧУ на Акрэсціна: «Там было вельмі брудна і холадна. Былі блохі, якія кожную секунду мяне кусалі. Мне нават не далі антыгістамін (лекавы сродак, якое здымае сімптомы алергіі). Увесь час крычалі, называлі «бандытам». Калі я сядзеў па палітыцы, мяне не выпускалі нават гуляць на свежае паветра. Усе гэтыя 15 сутак я быў без душа і без сродкаў гігіены. Са мной у камеры былі яшчэ два беларусы, якія сядзелі таксама за палітыку. У іншых камерах былі затрыманыя за наркотыкі — у іх умовы былі лепшыя, чым у нас».

Мужчына падкрэслівае, што з'ехаў з Ірана і жыў у Беларусі з 2015 года менавіта праз складаную палітычную сітуацыю на радзіме.

Звярнуцца па дапамогу да дыпламатаў сваёй краіны ён не мог, бо ў Іране яму пагражае пераслед аж да смяротнага пакарання. «З-за сітуацыі ў Іране амбасада Ісламскай рэспублікі выдала мяне КДБ».

Дэпартацыя і забарона на ўезд да 2056 года

Пасля адбыцця 15 сутак арышту на Акрэсціна доктара даставілі ў Аддзел грамадзянства і міграцыі. Там яго запэўнілі, што дэпартацыя афармляецца тэрмінам на пяць гадоў, а штамп аб забароне на ўезд у пашпарт ставіць не будуць.

Аднак абяцанні разышліся з рэальнасцю. У аэрапорце мужчыну пратрымалі каля 40 хвілін, пасля чаго ў яго дакументы ўсё ж паставілі штамп: уезд у Рэспубліку Беларусь яму забаронены на максімальны тэрмін — на 30 гадоў, да 2056 года.

Паведамляецца, што дэпартацыя ў Іран была прадухілена — мужчыну выслалі ў трэцюю краіну. Ён знаходзіцца ў бяспецы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула