БЕЛ Ł РУС

Беларус, што стаў найлепшым бамбардзірам чэмпіянату Малдовы, працягне кар'еру ў Ізраілі

19.06.2026 / 08:43

Nashaniva.com

Дзяніс Казлоўскі перайшоў з кішынёўскага «Зімбру» ў «Макабі» з Кірыят-Гата, што будзе выступаць у другім дывізіёне футбольнага чэмпіянату Ізраіля.

У мінулым сезоне за «Зімбру» Казлоўскі правёў 33 матчы ва ўсіх турнірах, у якіх адзначыўся 23 забітымі мячамі і зрабіў восем галявых перадачаў.

Дзяніс патлумачыў свой сыход з «Зімбру» адстаўкай беларускага трэнера Алега Кубарава, а таксама тым, што ў клубе марудзілі з перазаключэннем кантракту. 

«Макабі» — клуб амбіцыйны. Да таго ж адным з найважнейшых фактараў стала тое, што кантракт прапаноўвалі не на год, а на два. Акрамя таго, калі яны на мяне выйшлі, акрэслілі мэты і задачы каманды. Я вывучыў, што гэта за горад. Для мяне важна, каб можна было пераехаць і камфортна жыць з сям’ёй, каб вадзіць дачку ў добры дзіцячы садок побач», — расказаў Дзяніс журналістам.

Яму задалі пытанне, ці не палохае яго перманентны ваенны канфлікт на Блізкім Усходзе.

«Цяпер, калі так падумаць, нідзе не бяспечна. Вядома, гэтыя нюансы я таксама ўлічваў, разглядаючы прапановы і варыянты. Узважваў усё за і супраць. Калі расказвалі, як мяне бачыць трэнерскі штаб, сказалі і пра тое, што на поўдні Ізраіля ўсё спакойна. Але ў цэлым, паўтаруся, у свеце нестабільная абстаноўка: дзе б ты ні знаходзіўся, нельга адчуваць сябе ў поўнай бяспецы», — адказаў Дзяніс Казлоўскі.

Чэмпіянат Ізраіля ў другім дывізіёне стартуе ў сярэдзіне жніўня.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула