Запрацаваў сайт адноўленай Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat
«На сёння Kamunikat удалося аднавіць практычна да таго стану, у якім ён быў да атакі», — пра гэта паведаміў Яраслаў Іванюк на творчай сустрэчы з чытачамі ў Цэнтры Беларускай Салідарнасці ў Варшаве, піша Reform.news.
Фота: Reform.news
Заснавальнік Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі і выдавец прызнаўся, што адмыслова не рабіў загадзя публічнай заявы, каб не даваць магчымасць хакерам сапсаваць добрую навіну.
«Ад сёння бібліятэка даступная, жыве і працуе», — зазначыў ён.
Назаўсёды «згубіліся» адзінкавыя файлы, пераважна гэта ілюстрацыі да архіўных навін.
Як падкрэсліваецца на сайце бібліятэкі, пасля атакі каманда ўзмацніла меры бяспекі наколькі гэта магчыма — «перагледзелі падыходы да рэзервовага капіравання, узмацнілі абарону сайта, перабудавалі частку працэсаў так, каб праект быў больш устойлівы да падобных атак у будучынi».
У планах праекта — новы сайт на сучасным рухавіку.
«Найбольш важкая задача — «падружыць» з ім архівы, што маем. Але мы гэта зробім», — адзначаюць стваральнікі.
7 траўня 2026 сервер Kamunikat.org быў моцна атакаваны, у выніку чаго былі выдалены ўсе файлы, якія збіраліся на працягу 25 гадоў. Цяпер бібліятэку ўдалося аднавіць.
Напрыканцы 2025 года рэжым прызнаў змест сайта бібліятэкі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». 3 сакавіка 2026 года беларускі КДБ уключыў Kamunikat у склад неіснуючай «кааліцыі друкаваных выдавецтваў» і абвясціў «экстрэмісцкім фармаваннем».