БЕЛ Ł РУС

Ціханоўская: Лукашэнка павінен усвядоміць: уся адказнасць за магчымыя наступствы для краіны будзе ляжаць на ім

19.06.2026 / 22:11

Nashaniva.com

Лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская заявіла пра сур'ёзнае стаўленне да сігналаў з Кіева адносна бяспекі ў рэгіёне і звярнулася да беларусаў. 

Святлана Ціханоўская. Фота: офіс палітыка

Святлана Ціханоўская заявіла, што беларускія дэмакратычныя сілы сур’ёзна ставяцца да ўсіх сігналаў, якія паступаюць ад украінскага боку адносна ўцягвання Беларусі ў вайну і бяспекі ў рэгіёне.

«Ва Украіны ёсць усе падставы быць пільнай: менавіта з беларускай тэрыторыі ў 2022 годзе пачалося расійскае ўварванне, і сёння рэжым Лукашэнкі працягвае падтрымліваць расійскую агрэсію», — адзначыла яна.

Паводле яе слоў, на гэтым тыдні ў Кіеве Місія дэмакратычных сілаў Беларусі ва Украіне правяла круглы стол, на якім эксперты і прадстаўнікі BELPOL прадставілі інфармацыю пра мілітарызацыю Беларусі і планы Расіі па далейшым уцягванні нашай краіны ў вайну. Гэтыя пагрозы нельга ігнараваць або недаацэньваць — да іх неабходна ставіцца з поўнай сур’ёзнасцю.

«Украіна размаўляе з Лукашэнкам мовай сілы, бо менавіта яе ён разумее лепш за ўсё. Лукашэнка павінен усвядоміць: уся адказнасць за магчымыя наступствы для краіны будзе ляжаць на ім», — адзначыла яна.

Ціханоўская нагадала, што рэжым Лукашэнкі застаецца саўдзельнікам агрэсіі. Ён прадастаўляе тэрыторыю і інфраструктуру, дапамагаючы Расіі наводзіць удары па ўкраінскіх гарадах, пастаўляе Расіі зброю, паліва і абсталяванне для расійскай ваеннай машыны.

«Калі Лукашэнка сапраўды хоча міру, ён павінен даказаць гэта не словамі, а канкрэтнымі дзеяннямі: спыніць любую падтрымку агрэсіі», — сказала яна.

Яна звярнулася да беларусаў:

«Я ведаю, што беларусы супраць вайны. Таму звяртаюся да кожнага з вас: беражыце сябе і не дазваляйце ўцягнуць сябе ў чужую вайну. Не паддавайцеся прапагандзе, не верце ў навязаныя страхі і варожасць. Не станавіцеся інструментам у чужых імперскіх амбіцыях — бо гэта не наш выбар.

Нашая агульная задача — не дапусціць, каб Беларусь была канчаткова ўцягнутая ў вайну. Гэта адпавядае перш за ўсё нацыянальным інтарэсам нашай краіны».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула