Хто тыя два персанажы, якія не пілі ў міжваеннай Вільні, як Зоську Верас абудзілі ад летаргіі і ці праўдзівая байка пра Караткевіча і рэстаран
У кнізе Галіны Войцік «Там, дзе мяне няма» шмат цікавых дэталяў пра Вільню і беларусаў, якія жылі там у 1930— 1990‑х гадах.
Увесну выдавецтва «Скарына» распачало «Віленскую серыю». У ёй плануецца друкаваць творы віленскіх беларускіх аўтараў як мінулага, так і сучаснасці.
Першая кніга новай серыі — «Там, дзе мяне няма» — успаміны Галіны Войцік (1927—2007). Аўтарка — германіст, кандыдат філалагічных навук, выкладала нямецкую мову ў Віленскім і Гродзенскім педінстытутах, працавала на беларускай кафедры Віленскага педуніверсітэта.
Галіна Войцік у першай палове 1950-х, фота з архіву яе сына Яраслава Войціка
А таксама яна — дачка Зоські Верас і жонка Лявона Луцкевіча, аўтара кнігі «Вандроўкі па Вільні».
«Там, дзе мяне няма» — выдатны турыстычны даведнік па Вільні, як і «Вандроўкі» яе мужа. Хочацца ўзяць кнігу пад паху і ісці глядзець мясціны, па якіх вядзе за руку аўтарка.
Галіна нарадзілася 1 ліпеня 1927 года ў сям’і Людвікі Сівіцкай (Зоські Верас) і Антона Войціка.
Сям’я тады жыла ў Новай Вялейцы (сёння — Новая Вільня) на ўсход ад горада, у так званай «Чыгуначнай калоніі», дзе жыло нямала беларусаў.
У 1940‑м Войцікі перабраліся на захад ад Вільні ў раён за сённяшнім Вілкпедэ (Галіна Войцік называе яго «Ваўчыная лапа» — так перакладаецца назва з літоўскай на беларускую). Менавіта там Антон Войцік і збудаваў хату, якая потым стала знакамітай «Лясной хаткай» Зоські Верас, месцам паломніцтва беларускай інтэлігенцыі.
Самае цікавае ва ўспамінах — гэта ўспрыманне аўтаркай горада і людзей.
З 1920 па 1939 год Вільня была пад польскай акупацыяй, і Галіна Войцік піша, што гэта быў вельмі правінцыйны і занядбаны горад у адрозненне ад сталічнай Варшавы. Палякі ўзвялі там толькі лічаныя будынкі. У 1939‑м Галіна выбралася на экскурсію ў Коўна, які быў часовай сталіцай Літвы ў 1920‑1939 гадах, і яе ўразіла еўрапейскасць і прыгажосць гэтага горада.
Што да Вільні, то «цяпер склад насельніцтва моцна змяніўся, а тады пераважала яўрэйскае насельніцтва, пасля палякі. А беларусы, літоўцы, іх было няшмат. Практычна — беларуская інтэлігенцыя. Але ўся вёска кругом была беларуская. І на рынках гаварылі толькі па-беларуску, і тыя самыя гандляркі яўрэйскія таксама гаварылі па-беларуску, бо з сялянамі трэба было гаварыць».
Аўтарка піша, што людзі шмат пілі. Жартуе, што не пілі ў Вільні ў 1930‑я толькі атланты на Палацы Тышкевічаў, «бо рукі занятыя».
У гэтым будынку размяшчалася рэдакцыя «Нашай Нівы» ў 1907‑1909 гадах, а ў 1890‑х працаваў адвакатам Францішак Багушэвіч. Фота: «Наша Ніва»
Войцік апісвае, як святкавалі Каляды, Вялікдзень. Піша, што сям'я была не надта рэлігійнай, але да Калядаў пачыналі рыхтавацца з сярэдзіны кастрычніка. Купіць цацкі на ялінку не было праблемай, але лічылася, што трэба рабіць самім. Неабходную паперу куплялі ў кнігарні Станіслава Станкевіча («кнігара»), што месцілася на рагу вуліц Вастрабрамскай і Субачаў.
Дзяўчынка спачатку вучылася ў жаночай школцы, што месцілася на рагу сённяшніх вуліц Барбары Радзівіл і Майроніса насупраць уваходу ў Бернардынскі сад. Там запомніўся выкладчык тэалогіі манах-бернардзінец, які ўвесь час хадзіў у бронзавым манаскім адзенні і насіў сандалі і ўлетку, і ўзімку. І любіў пажартаваць. У канцы лекцыі ён пачынаў нейкую прыказку, якую трэба было дапоўніць.
«Напрыклад, бернардын казаў, «Хто рана ўстае…». Мы хорам крычалі, «Таму пан Бог дае». А ён усміхаўся. «Не. Не так. Тэн цэлы дзень хцэ спаць».
У Войцік няма зачаравання міжваеннай Польшчай, для беларусаў яна была непрыхільная мачыха.
«У 1930‑я гады пачалася фашызацыя Польшчы. Беларускія арганізацыі закрывалі адну за другой, газеты былі пад строгай цэнзурай, трымалілася «хадэцкія газеты» і часопісы. У беларусаў часта былі ператрусы, шукалі аньтыпольскую літаратуру. Насупроць нашага дома жыў паліцыянт Мацееўскі. Дык ён часта папярэджваў бацькоў, што мае быць ператрус. І калі прыходзіла паліцыя, і ў нас нічога не знаходзілі. Праўда, аднаго разу ўзялі брашурку пра гадоўлю парсюкоў, бо была выдадзена ў Менску».
«Матэрыяльна нам жылося ўсё горш. Бацька быў безработны. Браўся за ўсялякую работу. Нейкі час меў спажывецкую краму на рагу Завальнай Вялікай Пагулянкі (Піліма — Басанавічуса), аднак хутка збанкрутаваў бо не меў здольнасці да гэшэфту (бізнэсу). Мама гадавала кветкі на насенне, якое ахвотна куплялі дзве крамы, Крыўскі і Вільнішэўскага, абодва на Завальнай».
Малая Пагулянка, дарэчы, — сённяшняя вуліца Каліноўскага.
Падчас нямецкай акупацыі Войцік вучылася ў Беларускай гімназіі. Гэта былі змрочныя часы. Сканчэнне Другой сусветнай прынесла палёгку, але і рэпрэсій. Дзясяткі беларусаў, дзеячаў культуры, выкладчыкаў гімназіі, былі высланыя.
Знік і брат Тонік (Антон Шантыр, прозвішча па першым мужу Зоські Верас). «Знайшоўся» толькі ў 1958 годзе, вярнуўся хворы і змучаны з Сібіры. У Вільні не дазволілі жыць, жыў недзе ў прыгарадзе.
Дзяўчына паступіла ў Віленскі ўніверсітэт на германістыку, але на пятым курсе ёй прапанавалі працу ў Гродзенскім універсітэце. Рэч у тым, што выкладчыкаў кафедры беларусістыкі ў Гродне арыштавалі і далі па 10 гадоў лагероў. Студэнтаў не было каму вучыць, і ў адміністрацыі звярнуліся па дапамогу ў Вільню.
«Далі мне фанетыку на першым курсе — трэцім курсах, тэарэтычную фанетыку на чацвёртым, а лексіку на трэцім. Вось так, я студэнтка пятага курсу выкладала на трэцім! Мне было 22 гады, а выглядала я маладзейшай. Насіла кароткую чорную спадніцу і блузку ў чорна-белую кратку. Ну. Зусім дзяўчо».
1950‑я — гэта час бурнага развіцця Вільні. Галіна Войцік у гэты час робіць выкладчыцкую кар’еру, заканчвае аддзяленне германістыкі, некалькі разоў ездзіць у ГДР. Бярэ шлюб з Лявонам Луцкевічам, які вярнуўся з высылкі. Паціху адраджалася беларускае жыццё, людзі вярталіся з лагераў.
Юрка і Лявон Луцкевічы па вяртанні з лагеру. Другая палова 1950-х.
А ў 1980‑я пачалося літоўскае адраджэнне. А за ім і беларускае. Войцік расказвае цікавы факт.
«Тым часам ішла перабудова, зрабілася свабодней, з’явіліся ўмовы для адраджэння беларускага нацыянальнага жыцця, для арганізацыі суполак. Як не сорамна, але трэба прызнаць, што ініцыятарам стварэння першай беларускай суполкі быў літовец, доктар-нарколаг Валдас Банайціс. Ён працаваў у Новай Вілейцы (Нова-Вільня) у псіхіятрычным шпіталі, дзе калісь працавала Цётка, зацікавіўся ейнай асобай і беларускім адраджэнскім рухам пачатку ХХ стагоддзя, авалодаў беларускай мовай і стварыў у кнігарні куток беларускай кнігі. Нават сам прывозіў кнігі з Астраўца. Ён пачаў ладзіць першыя сустрэчы з беларускімі дзеячамі. Неяк запрасіў літаратуразнаўцаў Адама Мальдзіса і Уладзіміра Мархеля. З лёгкай рукі Банайціса была створана ініцыятыўная група дзеля арганізацыі першай беларускай суполкі ў Літве».
Псіхіятрычны шпіталь у Новай Вільні, дзе ў пачатку ХХ стагоддзя працавала Алаіза Пашкевіч (Цётка). Падчас Першай сусветнай вайны яна працавала ў гарадскім шпіталі на сённяшняй Ковенскай вуліцы. Фота: Google.maps.
У 1997 годзе, калі памёр муж Галіны Войцік Лявон Луцкевіч, на пахаванні некалькі цёплых слоў пра яго, Івана і Антона Луцкевічаў казаў Вітаўтас Ландсбергіс.
Аўтарка крыху развенчвае апакрыфічную байку пра Караткевіча. У Вільні на вуліцы святога Ігната ёсць рэстаран «Бочу». І існуе меркаванне, што Караткевіч настолькі яго палюбіў, што зарыфмаваў «Па дарозе ў Бочу ніколі не збочу».
Але рэч у тым, што Уладзімір Сямёнавіч часта бываў у Вільні, каб папрацаваць у архівах, і пастаянна спыняўся ў свайго сябра, архівіста Генадзя Кісялёва, які жыў там, а таксама там быў архіў, дзе працаваў Караткевіч. Таму па дарозе ў Бочу — гэта і па дарозе ў архіў.
Зараз на месцы «Бочу», апетай Караткевічам, рэстаран Boheme. Фота: Google.maps.
І яшчэ аўтарка расказвае кранальную гісторыю пра яе маці Зоську Верас і Арсеня Ліса. Паэтка, выдавец дзіцячых часопісаў Зоська Верас ад 1939 года нічога не пісала і не выдавала. Часы былі небяспечныя.
Але ў Мінску вучыўся малады студэнт Арсень Ліс, які потым стаў знаным даследчыкам заходнебеларускай літаратуры. Ён натрапіў у мінскіх архівах на публікацыі Зоські Верас. Высветліў, што яна жыве ў Вільні і наведаў яе.
Зоська Верас
«Пазней Ліс расказваў, што мама яму неяк расказвала, вы мяне абудзілі з летаргічнага сну. І сапраўды, ад 1939 года Зоська Верас фактычна займалася домам, садам і агародам, нічога не пісала. Цяпер [пасля таго, як Арсень Ліс вярнуў яе імя] да яе сталі прыязджаць вучоныя й пісьменнікі, мастакі й журналісты, студэнты й школьнікі. І кожнаму давала нешта новае, духоўна ўзбагачала»
Або вось цёплыя згадкі пра аўтара бел-чырвона-белага сцяга Клаўдзія Дуж-Душэўскага:
«К. Душэўскі, вядомы літоўскі архітэктар і беларускі дзеяч, быў у 1940 годзе арыштаваны, выйшаў з астрогу, калі немцы занялі Коўна, пасля трапіў у нямецкі канцлагер, а па заканчэнні вайны зноў у савецкую турмы — асвабадзілі яго ў 1954 годзе. Арышты, турмы. Здзекі не зламалі яго. Ён не пабаяўся пісаць хлопцам лістоў на калыму».
Пры канцы кнігі Галіна Войцік, падсумоўваючы сваё жыццё, піша:
«Хто я такая? Я ніколі не любіла, калі мяне прадстаўлялі «дачка Зоські Верас», «жонка Лявона Луцкевіча» — гэта ж не мая заслуга. Я заўсёды хацела быць сабой, дасягаць сама не становішча — гэта мяне не цікавіла — але пашаны і павагі за сваю працу, спачатку як доктар навукі ў галіне германістыкі, а апошнія гады на ніве беларускай культуры. Што мне ўдалося зрабіць, хай судзяць іншыя».
Кнігу можна купіць, напрыклад, у віленскай беларускай краме «Кропка», цана — дзевяць еўра.