БЕЛ Ł РУС

Трамп прадставіў свой новы раскошны «Борт нумар адзін» — ён можа каштаваць мільярд даляраў

20.06.2026 / 18:02

Nashaniva.com

Сам ён упершыню афіцыйна скарыстаецца ім у пачатку ліпеня.

Дональд Трамп прэзентуе новы прэзідэнцкі борт. Фота: AP Photo/Manuel Balce Ceneta

Трамп прадставіў свой новы раскошны «Борт нумар адзін» — самалёт, які можа каштаваць мільярд даляраў, піша Bild.

Boeing 747-8, падораны яму Катарам, быў цалкам пераабсталяваны і мадэрнізаваны па замове ваеннага міністэрства ЗША.

Air Force One вылучаецца «узроўнем раскошы, якога яшчэ ніхто ніколі не бачыў», заявіў Трамп у сваёй прамове на базе Эндрус пад Вашынгтонам. Самалёт лічыцца «самым раскошным самалётам у свеце», працягнуў ён, і «калі вы яго ўбачыце, вы не паверыце — якасць драўніны, якасць матэрыялаў, якасць рухавікоў!». Новы самалёт лятае «далей і хутчэй, чым любы папярэдні Air Force One», сказаў прэзідэнт ЗША.

Cамалёт мадэрнізаваны ў плане бяспекі, сувязі і лагістыкі. Актуальных выяў інтэр'еру пакуль няма. Вядома толькі, што калі катарская кіруючая сям'я больш за дзесяць гадоў таму набыла гэты люксавы самалёт для сваёй прыватнай флатыліі, ён быў багата аздоблены. Амерыканскія чыноўнікі заявілі, што новы інтэр'ер будзе прыкметна падобны на ранейшы раскошны дызайн.

Кошт самога Boeing 747‑8 пры перадачы яго Катарам ацэньваўся прыкладна ў 400 мільёнаў даляраў. Пасля мадэрнізацыі, паводле даных Newsweek, People і авіяцыйных экспертаў, ён можа дасягаць аднаго мільярда даляраў.

Трамп абвясціў, што новы самалёт, верагодна, прыме ўдзел у авіяшоу на святкаванне 250‑годдзя незалежнасці ЗША 4 ліпеня. Сам ён упершыню афіцыйна скарыстаецца ім у пачатку ліпеня, каб паляцець на саміт НАТА ў Анкару.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула