БЕЛ Ł РУС

Тысячы людзей сабраліся на Купаллі ў Азярцы і Суле. Такой масавасці ніхто не прыпомніць ФОТЫ

22.06.2026 / 00:17

Nashaniva.com

У Беларусі пачаліся купальскія гулянні. 

Тут і далей фота: «Анлайнер»

Спрадвеку Купалле было прымеркавана да летняга сонцастаяння, якое выпадае на 20‑я даты чэрвеня.

У суботу, 20 чэрвеня, надвор’е было па-сапраўднаму летнім. У музеі-скансэне ў Азярцы сабралася шмат людзей — паводле слоў арганізатараў Купалля, больш за 2000 чалавек. Але такая масавасць зусім не напружвала, а наадварот, стварала адчуванне супольнасці — сапраўдныя народныя гулянні! Месца хапала ўсім, чэргаў практычна не было, піша «Анлайнер».

На тэрыторыі музея размясціліся рамеснікі і невялічкі фудкорт. Так што можна было і падсілкавацца, і купіць сабе рэч ручной работы.

На ўваходзе наведвальнікаў музея адразу ж сустракалі карагодамі і танцамі. Прайсці міма было складана.

Але як адзначаць Купалле без вянка? У Музеі народнай архітэктуры і побыту і пра гэта паклапаціліся: на пляцоўцы каля царквы расклалі травы і кветкі, і ўсе ахвочыя змаглі сплесці сабе галоўны сімвал свята. Таксама праходзілі творчыя майстар-класы па стварэнні дэкору і лялечак з травы.

На сцэне выступалі фальклорныя калектывы, купальскія спевы гучалі з усіх бакоў — дзяўчаты ў народных строях спявалі іх у розных лакацыях музея.

Галоўнай часткай гулянняў стала вялікае купальскае шэсце да вогнішча непадалёк ад ракі. На пляцоўцы сабраліся ўсе госці свята, карагоды вадзілі ў тры рады, прычым часам танцы настолькі паскараліся, што людзі паспявалі запыхацца.

Не абышлося, натуральна, і без скокаў праз вогнішча. Здаўна яны лічыліся не толькі народнай забавай, але і абрадам ачышчэння. А для пар — яшчэ і праверкай саюза на трываласць. Продкі верылі, што калі закаханыя змогуць скокнуць праз агонь, не расчапіўшы рук, іх чакае шчаслівая сумесная будучыня.

Завяршылася Купалле ў Азярцы яшчэ адным неад'емным рытуалам свята — пусканнем вянкоў на ваду.

4 ліпеня ў музеі архітэктуры і побыту ў Азярцы пройдзе яшчэ адно Купалле. Арганізатары абяцаюць яшчэ больш маштабныя гулянні.

Адзначылі Купалле ў суботу і ў парку гісторыі «Сула». Таксама з усімі святочнымі традыцыямі. Ну і як без знакамітага дракара.

«Столькі прыгожых людзей было!» — пішуць беларусы ў сацсетках.

Купалле ў Суле. Фота з сацсетак

Купалле ў Суле. Фота з сацсетак

Купалле ў Суле. Фота з сацсетак

Купалле ў Суле. Фота з сацсетак

Купалле ў Суле. Фота з сацсетак

Дзе яшчэ адзначыць Купалле? Вось некалькі варыянтаў:

Дукорскі маёнтак (28 чэрвеня)

У праграме свята — традыцыйныя гульні і танцы пад жывую музыку, батлейка, лекцыі пра беларускую міфалогію і народны касцюм, майстар-класы па стварэнні купальскіх сувеніраў і ўпрыгажэнняў, пляценне вянкоў, квэсты і варажба. Кульмінацыяй вечара стануць выбар Купалінкі і Купаліша, факельнае шэсце, запальванне купальскага кола, карагоды каля вогнішча, пусканне вянкоў на ваду і скокі праз агонь.

Парк гісторыі «Сула» (21, 27, 28 чэрвеня, 4—5 ліпеня)

Госцеў «Сулы» чакаюць купальскія абрады, народныя песні і танцы, тэатралізаваныя паказы, майстар-класы, гульні і забавы для дзяцей і дарослых, пошукі «папараць-кветкі», гулянні каля вогнішча і г. д.

Бярэзінскі біясферны запаведнік (4 ліпеня)

Купалле ў Бярэзінскім запаведніку падыдзе тым, хто хоча сумясціць народнае свята з адпачынкам на прыродзе. Арганізатары абяцаюць традыцыйныя абрады, канцэрты фальклорных калектываў, майстар-класы, народныя гульні, карагоды і іншыя тэматычныя актыўнасці ў маляўнічай атмасферы аднаго з самых вядомых прыродных куткоў Беларусі.

Sviata Fest (Kupalle) (27 чэрвеня)

Фестываль пройдзе проста ў цэнтры Мінска — у культурнай прасторы «Эхо». Свята аб'яднае сучасныя фарматы адпачынку з народнымі традыцыямі. Наведвальнікаў чакаюць канцэрт, лекцыі, майстар-класы, рамесныя рады, тэматычныя фотазоны, забавы для дзяцей і дарослых, фудкорт. Арганізатары абяцаюць насычаную праграму, якая дазволіць пазнаёміцца з купальскімі традыцыямі ў гарадскім фармаце.

«Купальскія агні» ў Батанічным садзе (4—5 ліпеня)

Яшчэ адзін варыянт для тых, хто плануе адзначыць свята ў Мінску. У праграме — выступленні артыстаў, народныя абрады, майстар-класы, забавы для ўсёй сям'і і вячэрняе вогненнае шоу.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула