На выбарах прэзідэнта Калумбіі лідзіруе ультраправы кандыдат
Абеларда дэ ла Эспрыэлья, які выступае за вайну са злачыннасцю і партызанамі, паводле афіцыйных даных з невялікай перавагай перамагае ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў. Яго супернік Іван Сепеда, аднак, заявіў, што запатрабуе пераліку, піша Бі-бі-сі.
Абеларда дэ ла Эспрыэлья ў майцы зборнай Калумбіі па футболе, якая гуляе на чэмпіянаце свету па футболе. Фота: Leonardo Castañeda/Getty Images
Па выніках падліку больш чым 99% бюлетэняў дэ ла Эспрыэлья набірае 49,65% галасоў, а яго левы сапернік Сепеда — 48,70%. У абсалютных лічбах іх раздзяляе каля 246 тыс. галасоў, перадае Reuters.
Аднак Сепеда заявіў, што яго перадвыбарчы штаб запатрабуе пераліку бюлетэняў з 33 тыс. выбарчых скрыняў.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп да выбараў выказаў поўную падтрымку кандыдатуры дэ ла Эспрыэльі. ЗША аказваюць Калумбіі вайсковую дапамогу коштам на мільярды даляраў, пераважна для барацьбы з наркотыкамі. У левага прэзідэнта Густава Петра адносіны з Трампам часам былі напружаныя.
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа ўжо павіншаваў з перамогай на выбарах дэ ла Эспрыэлью. «Гэты вынік адлюстроўвае волю калумбійскага народа і яго прыхільнасць дэмакратыі», — заявіў Дзярждэпартамент ЗША.
Дэ ла Эспрыэлья, 47‑гадовы адвакат, які мае грамадзянства як Калумбіі, так і ЗША, да нядаўняга часу быў далёкі ад калумбійскага палітычнага істэблішменту.
Ён зарабіў мільёны на сваёй адвакацкай дзейнасці; сярод яго кліентаў былі босы ўзброеных груп, што гандлююць наркотыкамі, махляры і футбольныя зоркі.
Палітык, які ахвотна называе сябе «Тыграм» (El Tigre), выступае за свабоднае нашэнне зброі, дазвол на фрэкінг нафты, будаўніцтва мегатурмаў і далярызацыю эканомікі (па аналогіі з Сальвадорам). Яго перамога працягвае тэндэнцыю поспеху ультраправых палітыкаў, што сімпатызуюць Дональду Трампу, у краінах Лацінскай Амерыкі.
Найбольшыя наступствы перамогі дэ ла Эспрыэльі можа мець для шматгадовага мірнага працэсу ў Калумбіі. У 2016 годзе было падпісана мірнае пагадненне з рухам FARC. Вайна з ім забрала ў краіне чвэрць мільёна жыццяў. Аднак узброеныя групоўкі, што адкалоліся ад паўстанцаў, а таксама наркакартэлі па-ранейшаму кантралююць частку тэрыторыі краіны.
Экспарт какаіну дасягнуў гістарычнага рэкорду, адзначае AFP.
За 10 гадоў міру Калумбія перажыла прыкметны рост дабрабыту, але яго вынікі размеркаваліся вельмі нераўнамерна.
Дэ ла Эспрыэлья абяцаў неадкладна спыніць перамовы з групамі, якія адмовіліся раззбройвацца, і пачаць супраць іх 90‑дзённую кампанію бамбардзіровак пры падтрымцы ЗША.