Мінчук знайшоў у інтэрнэце двайніка, каб той адказваў за яго парушэнні
51‑гадовы мужчына прыдумаў хітрую схему, каб сістэматычна пазбягаць адказнасці за свае дзеянні.
Ён знайшоў у інтэрнэце чалавека, які быў падобны да яго знешне, а потым запомніў прозвішча, імя, імя па бацьку і дату нараджэння незнаёмага мужчыны, пішуць Мінск-навіны.
Потым у адкрытым доступе апынуўся і пашпарт «двайніка», які мужчына сфатаграфаваў на свой тэлефон, каб пры неабходнасці паказваць фота чужога дакумента.
У снежні мінчанін перайшоў праезную частку ў неналежным месцы. Гэта заўважылі супрацоўнікі ДАІ і вынеслі яму афіцыйнае папярэджанне. Каб пазбегнуць адказнасці, парушальнік назваў чужыя звесткі.
Праз усяго тры дні ён ехаў у грамадскім транспарце без аплаты. Пры складанні пратакола ён зноў выкарыстаў чужую асобу. Гэтыя звесткі супрацоўнікі «Мінсктранса» і ўнеслі ў дакумент.
Сапраўдны ўладальнік звестак даведаўся пра незаконнае прыцягненне да адказнасці і звярнуўся ў міліцыю і пракуратуру. Супрацоўнікі хутка знайшлі падазраванага, у дачыненні да яго завялі чарговую крымінальную справу.
— Абвінавачаны афіцыйна нідзе не працуе, раней дзевяць разоў прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, мае не знятую і не пагашаную ва ўстаноўленым законам парадку судзімасць, — пракаментаваў сітуацыю намеснік пракурора Ленінскага раёна Аляксандр Мазанік.
Яму пагражае да двух гадоў зняволення.