Міністарка эканомікі ва ўрадзе Ціханоўскай ацаніла стан беларускай эканомікі як пачатак стагнацыі
Падчас падрыхтоўкі праекта рэформаў дзяржаўнага сектара каманда Алісы Рыжычэнкі прааналізавала фінансавы стан каля 700 беларускіх прадпрыемстваў. Вынікі аказаліся трывожнымі: амаль 90% з іх з’яўляюцца стратнымі.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
Прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага камітэіта па эканоміцы і фінансах Аліса Рыжычэнка ацаніла стан беларускай эканомікі як пачатак стагнацыі, паведамляецца ў тэлеграм-канале АПК.
Паводле апошняга прагнозу Сусветнага банка, рост ВУП Беларусі складзе толькі 1,1% у 2026 годзе, 0,8% у 2027‑м і 0,7% у 2028-м. Пры гэтым урад заяўляе пра намер павялічыць ВУП на 16% за наступную пяцігодку.
Паводле слоў Алісы Рыжычэнкі, адной з галоўных праблем застаецца крытычная залежнасць беларускай эканомікі ад Расіі. Гэта датычыцца не толькі ВПК, але і грамадзянскага экспарту, аб’ёмы якога наўпрост залежаць ад попыту на расійскім рынку.
Запаволенне расійскай эканомікі ўжо адбіваецца на Беларусі. Прамысловая вытворчасць дэманструе спад больш чым на 3%.
Падчас падрыхтоўкі праекта рэформаў дзяржаўнага сектара каманда Алісы Рыжычэнкі прааналізавала фінансавы стан каля 700 беларускіх прадпрыемстваў. Вынікі аказаліся трывожнымі: амаль 90% з іх з’яўляюцца стратнымі.
Асабліва складаная сітуацыя назіраецца ў Віцебскай вобласці, дзе, паводле ацэнкі эксперткі, практычна ўсе дзяржаўныя прадпрыемствы працуюць са стратамі.
«Кожны год гэтыя прадпрыемствы патрабуюць усё больш сродкаў з бюджэту. Замест інвестыцый у навуку, тэхналогіі і сацыяльную падтрымку дзяржава вымушаная накіроўваць грошы на падтрымку стратных вытворчасцяў», — адзначае Аліса Рыжычэнка.