БЕЛ Ł РУС

Заробак як у айцішніка: беларускаму трактарысту прапануюць да 10 тысяч рублёў. Разабраліся, у чым сакрэт

23.06.2026 / 11:36

Nashaniva.com

«Калі хочаце атрымаць дзесяць тысяч, трэба практычна не вылазіць з трактара. Працаваць і ўдзень, і ўначы».

Механізатар на апрацоўцы рапсу ў Брэсцкай вобласці. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: sb.by

На беларускім дзяржаўным партале занятасці з'явілася вакансія, якая лёгка магла б стаць марай многіх беларусаў. Прадпрыемства «Вішнявецкі-Агра» са Стаўбцоўскага раёна шукае трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці і абяцае яму ад 5000 да 10 000 рублёў у месяц.

Для працаўладкавання дастаткова агульнай сярэдняй адукацыі, а веданне рускай мовы пазначана як пачатковае, то-бок праца падыходзіць і замежным грамадзянам.

Для параўнання, большасць трактарыстаў у беларускіх гаспадарках сёння атрымліваюць ад 1200 да 3000 рублёў, нават у сезон нярэдка гаворка ідзе пра 3000—5000 рублёў. Таму прапанова ў 10 тысяч выглядае як нешта зусім выключнае.

Адкуль жа бяруцца такія грошы?

Каб атрымаць 10 тысяч, трэба практычна не вылазіць з трактара

Пад выглядам суіскальніка мы патэлефанавалі ў аддзел кадраў гаспадаркі.

Там распавялі, што 5000 рублёў можна зарабіць у сезон пры 12‑гадзінным працоўным дні. А вось верхняя мяжа ў 10 тысяч — гэта ўжо амаль бесперапынная праца амаль 24/7.

«Калі хочаце атрымаць дзесяць тысяч, трэба практычна не вылазіць з трактара. Працаваць і ўдзень, і ўначы», — патлумачылі ў гаспадарцы.

Там жа адзначылі, што праца звязаная з аграхіміяй.

«Работнік будзе займацца ўнясеннем гербіцыдаў, сродкаў для абароны раслін ад пустазелля, шкоднікаў і хвароб. Найперш гаворка ідзе пра апрацоўку рапсу і збожжа. То бок гэта праца з хіміяй», — распавялі ў аддзеле кадраў. 

Адзначым, што гербіцыды — гэта моцныя яды, і такая праца лічыцца шкоднай для здароўя. 

Вялікія грошы — толькі некалькі месяцаў на год

Яшчэ адзін важны нюанс — сезоннасць. У аддзеле кадраў нам патлумачылі, што высокія заробкі прыходзяцца на час актыўнай апрацоўкі палёў — найбольш інтэнсіўны перыяд доўжыцца каля двух месяцаў.

Потым усё як у астатніх механізатараў: зімой рамонт тэхнікі, паміж сезонамі бывае па-рознаму. Так, у «спакойныя» месяцы трактарыст можа атрымліваць ад 800 да 3000 рублёў у залежнасці ад аб'ёму работ.

Наколькі небяспечная такая праца

Праца аператара апырсквальніка сапраўды лічыцца адной з самых шкодных у раслінаводстве.

Гербіцыды, фунгіцыды і інсектыцыды ўваходзяць у групу пестыцыдаў — рэчываў, прызначаных для барацьбы са шкоднікамі, пустазеллем і хваробамі раслін. Пры парушэнні тэхнікі бяспекі або працяглым кантакце яны могуць трапляць у арганізм праз дыхальныя шляхі і скуру.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя ацэньвае колькасць выпадкаў ненаўмысных атручванняў пестыцыдамі ў свеце прыкладна ў 385 мільёнаў штогод. Найчасцей гэта адбываецца ў краінах, дзе слаба кантралюецца выкарыстанне аграхіміі і парушаюцца патрабаванні бяспекі.

Нават сучасныя апырсквальнікі не выключаюць рызыкі кантакту з аграхіміяй. Найбольшыя пагрозы для здароўя ўзнікаюць пры прыгатаванні раствораў, змешванні канцэнтраваных прэпаратаў, запраўцы бакаў, прамыванні сістэмы і рамонце абсталявання. 

А колькі трактарыстам плацяць звычайна?

На фоне абяцаных 10 тысяч рублёў прапанова «Вішнявецкага-Агра» выглядае хутчэй выключэннем.

Аналіз вакансій на дзяржаўным партале занятасці паказвае, што большасць трактарыстаў-машыністаў у беларускіх сельгаспрадпрыемствах могуць разлічваць на 1200—2500 рублёў на месяц.

У сезон пасяўной або ўборачнай кампаніі заробкі часта вырастаюць да 3000‑5000 рублёў. У асобных гаспадарках можна сустрэць прапановы ў 6000‑7000 рублёў, але яны таксама прывязаныя да інтэнсіўнай сезоннай працы.

Дарэчы, гэта ўжо не першы раз, калі гаспадарка «Вішнявецкі-Агра» шукае такога спецыяліста. Яшчэ ў сакавіку прадпрыемства прапаноўвала трактарысту ад 3 да 6 тысяч рублёў. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула