Апейкін расказаў, што было ў апошніх смс, якія Котаў адправіў жонцы з яхты ў Турцыі
Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці запэўнівае, што Котаў уваходзіць у 1% людзей, «што валодаюць самым небяспечным навыкам — уменнем мысліць стратэгічна і выбудоўваць устойлівыя доўгатэрміновыя працэсы». Але павёўся на разводку — «чалавек, якому Анатоль давяраў, запрасіў яго на яхту пад выглядам перамоў».
Анатоль Котаў і Аляксандр Апейкін. Фота: фэйсбук Апейкіна
Спартыўны функцыянер Аляксандр Апейкін выказаўся з нагоды расследавання пра знікненне свайго сябра Анатоля Котава.
Ён перакананы ў тым, што Котаў як асоба ўяўляў экзістэнцыйную пагрозу лукашэнкаўскай сістэме.
«99% усяго палітычнага мейнстрыму для сённяшняй беларускай улады ніякай рэальнай пагрозы не ўяўляюць. І нават наадварот — з'яўляюцца добрым кантрастам для дэманстрацыі сваіх кіраўніцкіх пераваг. … Я магу назваць толькі некалькі людзей, якіх я аднёс бы да астатняга 1%. Гэта людзі, што валодаюць самым небяспечным навыкам — уменнем мысліць стратэгічна і выбудоўваць устойлівыя доўгатэрміновыя працэсы. Гэта значыць, гэта людзі з глыбокімі сістэмнымі ведамі і надзвычай высокімі арганізацыйнымі здольнасцямі. У любым грамадстве гэта штучны тавар. На сённяшні дзень амаль усе людзі, якія сапраўды могуць нешта супрацьпаставіць беларускай сістэме, знаходзяцца ў самой сістэме. На знешнім контуры — толькі адзінкі, і вы іх, хутчэй за ўсё, не ведаеце.
Дык вось Анатоль Котаў — гэта адзін з такіх людзей. … Тое, што яго інтэлектуальнага патэнцыялу хапіла б, каб перайграць сістэму, — гэта факт», — разважае Апейкін.
Тым не менш Апейкін прызнае, што нягледзячы на ўсё вышэй пералічанае Котаў дазволіў зацягнуць сябе ў пастку.
«Чалавек, якому Анатоль давяраў, запрасіў яго на яхту пад выглядам перамоў. Вечарам 21 жніўня Анатоль зайшоў на яхту ў порце Трабзон. Неўзабаве зразумеў, што гэта пастка, паспеў напісаць некалькі смс жонцы, якія выглядалі як развітанне. Потым быў збіты і перададзены расійскім спецслужбам у моры ў раёне Абхазіі. Далейшы лёс невядомы», — піша Апейкін.