БЕЛ Ł РУС

Расія цісне на Беларусь, прымушаючы ўступіць у вайну супраць Украіны — WSJ

24.06.2026 / 14:02

Nashaniva.com

Паколькі перспектывы Масквы на полі бою пагаршаюцца, Крэмль імкнецца прымусіць свайго найбліжэйшага саюзніка адмовіцца ад ролі старонняга назіральніка. Пра гэта са спасылкай на цяперашніх і былых расійскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў паведамляе The Wall Street Journal.

Фота: Maxim Shipenkov Pool Photo via AP

Расія ўзмацняе ціск на Беларусь, імкнучыся пашырыць ваеннае супрацоўніцтва і, магчыма, выкарыстаць беларускую тэрыторыю для адкрыцця новага фронту ў вайне супраць Украіны. Пра гэта паведамляе выданне са спасылкай на былых і цяперашніх расійскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў.

Паводле WSJ, Масква разглядае Беларусь як плацдарм не толькі для дзеянняў супраць Украіны, але і для магчымых аперацый супраць краін НАТА.

Паводле публікацыі, на фоне цяжкасцяў расійскай арміі ва Украіне і аслаблення ўнутранай падтрымкі Уладзіміра Пуціна Крэмль можа разглядаць у якасці варыянту рызыкоўную эскалацыю. Асаблівае значэнне Беларусі ў гэтым аўтары звязваюць з тым, што на яе тэрыторыі ўжо размешчана расійская тактычная ядзерная зброя.

У матэрыяле адзначаецца, што Беларусь пасля 2022 года ў асноўным заставалася па-за прамым удзелам у вайне, хоць яе тэрыторыя выкарыстоўвалася Расіяй падчас уварвання ва Украіну.

ЗША цягам апошняга года спрабавалі аслабіць залежнасць Мінска ад Масквы праз кантакты з беларускімі ўладамі і частковае змякчэнне санкцый, у тым ліку ў дачыненні да беларускага калію. Пасля перамоваў з амерыканскімі прадстаўнікамі Аляксандр Лукашэнка вызваліў каля 500 палітычных зняволеных.

Разам з тым Беларусь ужо аказвае Расіі істотную падтрымку. Гаворка ідзе пра пастаўкі бензіну і іншых нафтапрадуктаў на фоне дэфіцыту паліва ў Расіі пасля ўкраінскіх удараў па яе нафтавай інфраструктуры.

Акрамя таго, Масква выкарыстоўвае наземныя станцыі кіравання дронамі на беларускай тэрыторыі для навядзення беспілотнікаў.

Таксама ў Беларусі, паводле выдання, цяпер знаходзяцца каля 2000 расійскіх вайскоўцаў.

У матэрыяле падкрэсліваецца, што далейшая падтрымка Расіі можа зрабіць Беларусь мішэнню для ўкраінскіх удараў, падобных да тых, якія Кіеў наносіць па лагістыцы і прамысловай інфраструктуры ў глыбіні расійскай тэрыторыі.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўжо папярэдзіў Лукашэнку, што калі беларускі бок не дэмантуе станцыі, то Украіна ўсё гэта знішчыць сама. 

У той жа час, піша выданне, Расія працягвае настойваць на выкарыстанні беларускай тэрыторыі для запускаў дронаў і адцягвання ўкраінскіх сіл з усходніх участкаў.

Адзін з былых супрацоўнікаў расійскай выведкі заявіў, што Масква нібыта цісне на Мінск, пагражаючы абмежаваць фінансавую падтрымку Беларусі.

Аўтары матэрыялу адзначаюць, што прыкмет неадкладнай падрыхтоўкі ваеннай аперацыі з тэрыторыі Беларусі пакуль няма. Аднак сама такая магчымасць, паводле крыніц, ужо разглядаецца. Пры гэтым гаворка можа ісці не толькі пра звычайны ваенны наступ, але і пра дзеянні, накіраваныя на праверку абароны краін НАТА.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула