БЕЛ Ł РУС

Пасля ўльтыматуму Зяленскага рэтранслятары адключылі? Апошнія дні расійскія беспілотнікі не накіроўваюцца ўздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы

24.06.2026 / 14:17

Nashaniva.com

Апошнія трое сутак не фіксуюцца пралёты расійскіх ударных дронаў уздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы, заўважыў «Флагшток».

Вышка сотавай сувязі, ілюстрацыйнае фота

У канцы вясны і пачатку лета 2026 года такія пралёты былі масавымі, частка беспілотнікаў трапляла на тэрыторыю Беларусі, рух БПЛА на нізкіх вышынях назіралі жыхары прыгранічных населеных пунктаў.

На дадзены момант апошні такі выпадак фіксаваўся раніцай у нядзелю 21 чэрвеня, калі Паветраныя сілы УСУ паведамлялі пра рух БПЛА на паўночным захадзе Чарнігаўскай вобласці ўздоўж мяжы з Беларуссю ў напрамку Славуціча.

Цікава, што прыкладна праз тры гадзіны адзін з расійскіх дронаў, паводле даных канала «Рында маніторыць», апынуўся на тэрыторыі Беларусі. Спачатку паведамлялася, што ён рухаўся ў раёне Турава Гомельскай вобласці, а затым знаходзіўся паблізу Давыд-Гарадка Брэсцкай вобласці.

Ці вылецеў ён назад на тэрыторыю Украіны, не ўдакладнялася. Дакладна невядома, ці быў гэта той самы БПЛА, які раней рухаўся ўздоўж мяжы на Гомельшчыне.

Пры гэтым усе наступныя дні Чарнігаўшчыну па-ранейшаму працягвалі атакаваць расійскія дроны, але іх накіроўвалі па іншых маршрутах, якія не закраналі ўкраінска-беларускі пагранічны ўчастак. Масіраваных паветраных атак Расіі ў гэтыя дні не было, таму карціна пакуль няпоўная і рабіць высновы яшчэ рана.

Прыклад маршруту расійскіх дронаў 23 чэрвеня. Схема: еРадар 

Маніторынгавы канал «еРадар» пацвердзіў «Флагштоку», што на бягучым тыдні расійскія беспілотнікі пакуль не праляталі ўздоўж мяжы, і звязаў гэта з магчымым спыненнем выкарыстання рэтранслятараў на тэрыторыі Беларусі, з дапамогай якіх РФ карэктуе атакі. Нагадаем, раней ва Украіне заяўлялі пра знішчэнне сеткі навядзення БПЛА з Беларусі.

Цяпер адключэнне рэтранслятараў стала галоўнай умовай ультыматуму Уладзіміра Зяленскага ў адрас Аляксандра Лукашэнкі. Тэрмін ультыматуму заканчваецца ў пятніцу.

Да гэтага маніторшчыкі і УС Украіны фіксавалі пастаянныя перамяшчэнні груп расійскіх БПЛА ўздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы. Іх запускалі з Бранскай вобласці курсам на захад. Паветраная прастора Беларусі выкарыстоўвалася як прыкрыццё. БПЛА ляцяць калонай (ланцужком) паралельна мяжы, каб пазбегнуць ранняга выяўлення і прарвацца ўглыб заходніх або цэнтральных абласцей Украіны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула