БЕЛ Ł РУС

У Францыі знайшлі скрадзеную карціну Пікаса за 17 мільёнаў даляраў

24.06.2026 / 20:44

Nashaniva.com

У прыгарадзе Парыжа Шампіньі-сюр-Марн паліцыя падчас спецыяльнага рэйду знайшла карціну, якая, паводле папярэдніх звестак, належыць пэндзлю Пабла Пікаса і была раней скрадзеная, паведамляе ArtNews.

Менавіта гэту работу, верагодна, знайшлі падчас рэйду. Фота: Le Parisien

Паводле інфармацыі французскіх СМІ, твор яшчэ не прайшоў канчатковую ідэнтыфікацыю, аднак мяркуецца, што на палатне намаляваная Мары-Тэрэз Вальтэр — каханая і муза мастака. Карціна належыць калекцыянеру з Сінгапура і ацэньваецца прыкладна на 13,7—17,1 мільёна даляраў.

Следства мяркуе, што да выкрадання можа быць датычны супрацоўнік аднаго з парыжскіх сховішчаў мастацкіх твораў. Сам мужчына сцвярджае, што зрабіў гэта нібыта для таго, каб звярнуць увагу на праблемы бяспекі ў сховішчы.

Падчас аперацыі французскія праваахоўнікі знайшлі не толькі карціну. Таксама былі канфіскаваныя каля 18 кілаграмаў канаплянай смалы, некалькі тысяч еўра наяўнымі і прадметы раскошнага адзення агульным коштам некалькі сотняў тысяч еўра.

Па справе затрыманыя чатыры чалавекі. Першае судовае пасяджэнне ўжо адбылося 19 чэрвеня, а асноўны разгляд справы папярэдне прызначаны на жнівень.

Мары-Тэрэз Вальтэр пазнаёмілася з Пабла Пікаса ў Парыжы ў 1927 годзе, калі ёй было 17 гадоў. Паводле ўспамінаў, мастак падышоў да дзяўчыны і сказаў: «У вас цікавы твар. Я хацеў бы напісаць ваш партрэт. Я — Пікаса». На той момант яму было 45 гадоў, і ён быў жанаты. Пазней рысы Мары-Тэрэз сталі аднымі з самых пазнавальных вобразаў у творчасці мастака.

Чытайце таксама:

Мужчына выйграў працу Пікаса коштам 1 мільён еўра ў дабрачыннай латарэі, купіўшы латарэйны білет за 100 еўра

Зніклую карціну Пікаса за 600 тысяч еўра знайшлі ў кансьержкі

У Іспаніі падчас перавозкі на выставу таямніча знікла карціна Пабла Пікаса

У Бельгіі ў падвале знайшлі скрадзеную карціну Марка Шагала

Каментары да артыкула