Сусветныя цэны на нафту вярнуліся да даваенных узроўняў
Кошт нафты маркі Brent знізіўся да каля 73 даляраў за бараль, фактычна адкаціўшыся да ўзроўню, які быў перад пачаткам апошняга абвастрэння канфлікту на Блізкім Усходзе. Амерыканская нафта WTI апусцілася ніжэй за 70 даляраў за бараль, піша The Moscow Times.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Асноўныя прычыны падзення цэн:
- аднаўленне суднаходства праз Армузскі праліў;
- змяншэнне рызык перабояў з пастаўкамі нафты з рэгіёна;
- чаканні росту экспарту іранскай нафты;
- прагнозы адносна лішку прапановы на сусветным рынку.
Паводле звестак Міжнароднай марской арганізацыі, дзякуючы супрацоўніцтву з Аманам, Іранам, ЗША і прадстаўнікамі суднаходнай галіны арганізаваныя бяспечныя маршруты для больш чым тысячы суднаў, якія былі заблакаваныя ў Персідскім заліве.
На фоне гэтага таннее і расійская нафта. Дадатковым фактарам стала аднаўленне дзеяння амерыканскіх санкцый пасля таго, як ЗША не працягнулі ліцэнзію на асобныя аперацыі з расійскай нафтай.
Аналітыкі таксама адзначаюць, што многія краіны загадзя закупілі неабходныя аб'ёмы сыравіны і цяпер чакаюць яшчэ большага зніжэння цэн. Паводле прагнозу Міжнароднага энергетычнага агенцтва, у 2027 годзе сусветная прапанова нафты можа перавысіць попыт больш чым на 5 мільёнаў бараляў за суткі, што створыць істотны прафіцыт на рынку.
А калі Іран зможа хутка павялічыць экспарт пасля магчымых дамоўленасцяў з ЗША, ціск на цэны можа ўзмацніцца яшчэ больш.
Чытайце таксама:
Ад заўтра трошкі даражэе бензін
ЗША прыпынілі санкцыі супраць іранскай нафты
Лідары краін G7 дамовіліся ўзмацніць ціск на Расію праз нафту і газ. Здаецца, ніхто не супраць
Якая будзе дамова ЗША з Іранам, пакуль няясна, але беларусам пляваць на дэталі. Важна, каб яна была
Цана Brent упала на 5% на фоне пагаднення паміж ЗША і Іранам