У Варшаве пацярпеў катастрофу лёгкаматорны самалёт
25 чэрвеня каля 13‑й гадзіны ў варшаўскім раёне Бемова паблізу аэрадрома Варшава-Бабіцы і экзаменацыйнай пляцоўкі WORD адбылася катастрофа лёгкаматорнага самалёта, паведамляе Mejski Reporter.
Фота: miejskireporter.pl
Паводле папярэдняй інфармацыі, самалёт ішоў на пасадку, але па невядомых пакуль прычынах упаў за межамі ўзлётна-пасадачнай паласы. Адразу пасля сутыкнення з зямлёй самалёт загарэўся.
На месца здарэння былі накіраваныя некалькі падраздзяленняў пажарнай службы, брыгады хуткай медыцынскай дапамогі і верталёт паветранай службы ратавання. Над раёнам катастрофы падняўся густы чорны дым, які быў бачны здалёк.
Пасля ліквідацыі пажару ратавальнікі знайшлі ў абломках два моцна абгарэлыя целы. Мяркуецца, што гэта людзі, якія знаходзіліся на борце самалёта. Таксама пацярпелі два чалавекі, што былі на зямлі ў момант падзення паветранага судна. Аднаго з іх даставілі ў бальніцу, другому медыцынская шпіталізацыя не спатрэбілася.
Цяпер на месцы працуюць адпаведныя службы, якія высвятляюць прычыны і абставіны авіякатастрофы.
Чытайце таксама:
Расійскі стратэгічны бамбардзіроўшчык коштам 200 мільёнаў даляраў разбіўся ў Іркуцкай вобласці