5G у Гродне запусцяць да канца года. Ён адзіны з абласных цэнтраў без гэтай тэхналогіі
Тэхналогію мабільнай сувязі пятага пакалення (5G) плануюць запусціць у Гродне да канца 2026 года. Пра гэта паведаміла намесніца генеральнага дырэктара кампаніі beCloud па камерцыйных пытаннях Юлія Гаўрыловіч.
Выява: vecteezy.com
Па словах Юліі Гаўрыловіч, укараненне 5G у Беларусі адбываецца паступова і па той жа схеме, як раней разгортвалі сеткі чацвёртага пакалення. Спачатку новая тэхналогія з'яўляецца ў найбуйнейшых гарадах краіны, а затым распаўсюджваецца на меншыя населеныя пункты.
На сённяшні дзень сетка 5G ужо працуе ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Магілёве і Брэсце. У Гродне неабходныя падрыхтоўчыя работы знаходзяцца на завяршальнай стадыі, таму запуск паслугі чакаецца да канца года.
Пасля гэтага доступ да сетак пятага пакалення пачнуць атрымліваць раённыя цэнтры. У перспектыве тэхналогія будзе паступова распаўсюджвацца і на меншыя гарады.
Развіццё 5G павінна забяспечыць больш высокую хуткасць мабільнага інтэрнэту, большую прапускную здольнасць сетак і лепшую якасць сувязі пры значных нагрузках. Гэта асабліва актуальна на фоне пастаяннага росту аб'ёмаў інтэрнэт-трафіку і павелічэння колькасці карыстальнікаў сучасных лічбавых сэрвісаў.
Чытайце таксама:
Толькі траціна тэлефонаў беларусаў могуць падтрымліваць тэхналогію 5G
У буйных беларускіх гарадах стала афіцыйна працаваць сувязь 5G