Ва Украіне далі пажыццёвае палкоўніку СБУ, які быў агентам ФСБ
Дзмітрый Казюра быў кіраўніком штаба Антытэрарыстычнага цэнтра СБУ.
Фота: Суспільне
Раскрыты ў лютым 2025 года ў супрацоўніцтве з ФСБ былы кіраўнік штаба Антытэрарыстычнага цэнтра СБУ палкоўнік Дзмітрый Казюра прыгавораны да пажыццёвага пазбаўлення волі за перадачу сакрэтных звестак расійскім спецслужбам, піша «Украінская праўда».
Яго завербавала ФСБ у сакавіку 2018 года ў Вене. За грашовае ўзнагароджанне ён абавязаўся збіраць і перадаваць расійскім спецслужбам абаронную інфармацыю, у тым ліку дадзеныя, што складаюць дзяржаўную таямніцу».
Паводле даных следства, з таго часу Казюра знаходзіўся на пастаяннай сувязі са сваімі расійскімі куратарамі. Для канспірацыі ён выходзіў на сувязь з прадстаўнікамі расійскіх спецслужб праз пасярэдніка. Шыфраграмы падпісваў асабіста.
Актыўная дзейнасць «крата» пачалася ў перыяд поўнамаштабнага ўварвання. У яго абавязкі ўваходзіла шпіёнства за каманднымі пунктамі СБУ і перадача даных пра атакі на бізнес-цэнтры, а таксама пра колькасць параненых вайскоўцаў і грамадзянскіх асоб.
З 2024 па 2025 год ён сістэматычна перадаваў інфармацыю пра наступствы ракетных удараў па аб’ектах у Кіеве, месцы дыслакацыі падраздзяленняў СБУ, даныя пра вайсковыя часткі, службовыя дакументы і аналітычныя матэрыялы.
Таксама ён перадаваў дакументы з грыфам «сакрэтна» пра аб’екты крытычнай інфраструктуры, у прыватнасці газатранспартнай сістэмы, і планы ўзмацнення СПА на гэтых аб’ектах.
У лютым 2025 года здрадніка выкрылі ў выніку беспрэцэдэнтнай спецаперацыі пад кодавай назвай «Шчур», адзначаюць у СБУ. У сваіх паказаннях ён прызнаў, што працаваў на ФСБ РФ за грашовае ўзнагароджанне.
Паводле матэрыялаў Службы бяспекі Украіны, суд прызнаў яго вінаватым па ч. 2 арт. 111 і ч. 1 арт. 263 Крымінальнага кодэкса Украіны (дзяржаўная здрада, здзейсненая ва ўмовах ваеннага становішча, а таксама незаконнае абарачэнне зброі, боепрыпасаў або выбуховых рэчываў).