БЕЛ Ł РУС

ВНУ пачынаюць прыём дакументаў у абітурыентаў-мэтавікоў

27.06.2026 / 10:24

Nashaniva.com

Прыём дакументаў для гэтай катэгорыі працягнецца да 2 ліпеня. З 4 па 10 ліпеня пройдуць унутраныя ўступныя выпрабаванні, і да 12 ліпеня адбудзецца залічэнне абітурыентаў-мэтавікоў, піша БелТА.

Для ўдзелу ў конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі паступаючы падае дамову аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста, медыцынскую даведку, рэкамендацыю з апошняга месца працы (службы) або педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую скончыў абітурыент, дакумент, які сведчыць асобу, характарыстыку, выдадзеную школай, гімназіяй, ліцэем або каледжам. Таксама спатрэбіцца дакумент аб адукацыі і дакументы пра льготы (пры іх наяўнасці).

Абавязковай умовай удзелу ў прыёмнай кампаніі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі з’яўляецца наяўнасць дамовы, падпісанай абітурыентам і арганізацыяй — заказчыкам кадраў.

Па большасці спецыяльнасцяў таксама патрабуецца, каб сярэдні бал дакумента аб адукацыі быў не ніжэй за 7. На найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці гэтая норма не распаўсюджваецца.

Абітурыенты, якія паступаюць на ўмовах мэтавай дамовы праходзяць адно ўнутранае ўступнае выпрабаванне ў вуснай або практычнай форме па першым профільным прадмеце. Конкурс будзе фарміравацца на аснове сумы сярэдняга бала дакумента аб адукацыі і бала, атрыманага на ўнутраным уступным выпрабаванні. Пытанні для ўнутраных выпрабаванняў па кожным вучэбным прадмеце размешчаны на сайце Міністэрства адукацыі і ВНУ.

Калі не паступіў па конкурсе на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, то можна ўдзельнічаць у конкурсе на агульных падставах. Для гэтага неабходна падаць сертыфікаты цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання.

Усяго плануецца прыняць каля 6,3 тыс. першакурснікаў з мэтавымі накіраваннямі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула