Генпракурор пра студэнтаў ЕГУ: Пагалоўна, без разбору прыцягваць да адказнасці ніхто не будзе
Раней у чэрвені былі ператрусы і допыты ў студэнтаў ЕГУ, у тым ліку былых.
Дзмітрый Гара. Скрыншот відэа: news.by
Генеральны пракурор Дзмітрый Гара выказаўся пра ЕГУ і лёс выкладчыкаў і студэнтаў універсітэта.
«Арганізацыя, якая пазіцыянуе сябе як беларуская ВНУ ў выгнанні. Па факце гэта экстрэмісцкая арганізацыя, якая ажыццяўляе дзейнасць у шкоду нашай дзяржаве, па факце падрыўную дзейнасць.
Пагалоўна, без разбору прыцягваць да адказнасці, скажам так, студэнтаў, асоб, якія мелі нейкае дачыненне да гэтай арганізацыі, натуральна, ніхто не будзе»,
— заявіў Гара ў інтэрв'ю дзяржаўнаму тэлеканалу «Першы інфармацыйны».
Беларускія ўлады абвясцілі ЕГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй» у красавіку 2026 года. Каля 100 студэнтаў пасля гэтага пакінулі ўніверсітэт.
У чэрвені прайшлі ператрусы і допыты ў студэнтаў ЕГУ — як цяперашніх, так і былых.