Расійскі вайсковец, які ваяваў ва Украіне, запісаў зварот да Пуціна і папярэдзіў пра мяцеж. Яго арыштавалі
«Калі ў бліжэйшы час я не прыеду ў Крэмль і не выступлю ў жывым эфіры побач з вамі, армія паверне сваю зброю супраць Крамля», — казаў Аляксандр Лунін у медалях.
Аляксандр Лунін. Скрыншот відэа яго звароту
Аляксандр Лунін — расійскі вайсковец, які ваяваў ва Украіне. 25 чэрвеня ён увесь у медалях запісаў відэазварот да Пуціна. Ён казаў пра катаванні ў расійскіх часцях і папярэдзіў Пуціна пра магчымы мяцеж.
«Калі ў бліжэйшы час я не прыеду ў Крэмль і не выступлю ў жывым эфіры побач з вамі, армія паверне сваю зброю супраць Крамля», — заявіў ён у звароце.
Як расказвае «Агенцтва», Лунін служыў у добраахвотніцкім батальёне імя Судаплатава спачатку стралком, а потым камандзірам. У снежні 2022 года ён прыехаў у Мелітопаль, а ў студзені 2023 года выйшаў на першую баявую задачу, пасля чаго яго падраздзяленне трапіла пад мінамётны абстрэл. Пазней ён быў кантужаны.
Лунін тлумачыў, як вырашыў запісаць зварот. 24 чэрвеня да яго ў вёсцы Лізінаўка Варонежскай вобласці пад’ехаў чорны пазадарожнік. У машыне былі трое: «Адзін — з Мінабароны, другі — з МУС. І трэці таксама з нейкай службы, але яна адносіцца да Мінабароны, як я зразумеў». Яны запатрабавалі запісаць відэа, сцвярджае Лунін.
Лунін кажа, што гэтыя людзі патлумачылі яму сваё патрабаванне сітуацыяй на фронце. «Ніхто не хоча крывапраліцця. Проста данясіце да прэзідэнта, што будзе поўны трэш у нас, калі далей так працягнецца. Таму што вельмі шмат людзей пасылаюць на задачы, якія наогул абсалютна невыканальныя. І людзі адтуль не вяртаюцца. І людзі ўжо не хочуць ісці, а за гэта іх караюць», — пераказаў ён размову.
У Луніна двое сыноў. Зараз ён не ваюе, таму што яго выгналі, паводле яго слоў, за невыкананне службовых абавязкаў у 2025 годзе.
Ролікі вайскоўца сабралі 15 мільёнаў і 5 мільёнаў праглядаў. Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў у пятніцу, што ў Крамлі не паспелі азнаёміцца з відэа.
У ноч на 27 чэрвеня да Луніна прыйшлі. Правялі дома вобшук, а яго арыштавалі на 11 сутак (інфармацыя пра гэта з'явілася ў тэлеграм-канале, звязаным з Луніным).