БЕЛ Ł РУС

У Беларусі ўжо ў найбліжэйшы час з'явяцца крыптабанкі

29.06.2026 / 15:57

Nashaniva.com

У Беларусі завяршаецца падрыхтоўка прававой базы для запуску крыптабанкаў. Гэта пытанне стала адной з галоўных тэм пасяджэння Наглядальнай рады Парка высокіх тэхналогій, якое правёў прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын, піша БелТА.

Здымак ілюстрацыйны

Па словах Аляксандра Турчына, літаральна праз некалькі дзён, з 1 ліпеня, набудуць моц палажэнні ўказа аб крыптабанках. У сувязі з гэтым Наглядальны савет разглядае праекты дакументаў, якія вызначаюць патрабаванні да ўнутранага кантролю, а таксама да кампаній, што плануюць атрымаць статус крыптабанка, і іх бізнэс-праектаў.

Першы намеснік начальніка сакратарыята Наглядальнай рады ПВТ Дзмітрый Калечыц паведаміў, што цяпер актыўна фарміруецца прававое поле для дзейнасці крыптабанкаў. Асаблівая ўвага надаецца механізмам супрацьдзеяння легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансаванню незаконнай дзейнасці.

Акрамя таго, у юрысдыкцыі ПВТ з'явіцца новы від дзейнасці — KYT-правайдары (Know Your Transaction, «Ведай сваю транзакцыю»). Іх задача — аналізаваць крыптавалютныя аперацыі і павышаць бяспеку фінансавых сэрвісаў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў сферы барацьбы з адмываннем грошай.

Па словах Калечыца, крыптабанкі змогуць ажыццяўляць шырокі спектр фінансавых аперацый, у тым ліку звязаных са знешнеэканамічнай дзейнасцю. Таксама чакаецца развіццё беларускіх тэхналагічных рашэнняў у сферы кантролю і аналізу крыптавалютных транзакцый.

Чытайце таксама:

Беларускім юрасобам дазволілі разлічвацца токенамі

Сын Калаўра кінуў хлебную працу і ўзначаліць першы беларускі крыптабанк

Беларускія крыптабанкі будуць апераваць 26 крыптавалютамі

Крыптакарткамі неўзабаве можна будзе расплачвацца ў звычайных крамах

Каментары да артыкула