БЕЛ Ł РУС

«І вось я ўжо страчваю прытомнасць на ўнітазе»

30.06.2026 / 08:38

Nashaniva.com

Экс-палітвязень Павел Вінаградаў расказвае для «Белсата», як перажываў спёку ў турмах і СІЗА.

«Усім прывітанне, спадарства! Прыгажосць якая! Лю-ба-та! Вокны зашторыў, сяджу дома, уплёў паўкаструлі халадніку як сэр і сяджу задаволены. А ў халадзільніку паўкавуна стыне да патрэбнай тэмпературы. Як ад халадніку адыду — умну яго цалкам. У адно рыла. Лыжкай.

Ну а ўчора вось на возера ездзіў на машыне купацца. У машыне кандыцыянер працуе нібы той мацёры стаханавец, каб я, родненькі, не пацеў. А потым з сям’ёй паехалі ў рэстаран, дзе мне прынеслі літр ледзяной мангістай маргарыты. Крута ж, спадарства? Крута. А зусім нядаўна было, мякка кажучы, інакш.

Улетку 2025-га, напрыклад, сядзеў у гродзенскай турме ў камеры з яшчэ васьмю мужыкамі.

Усе паляць, вараць чай, дыхаюць і функцыянуюць на ўсю моц сваёй фізіялогіяй з такім выхлапам, што маё шанаванне. Добра, што нюх там атрафаваўся практычна цалкам.

І, нібыта гэтага ўсяго недастаткова, у нас яшчэ і вошы завяліся: сядзім, пацеем, чухаемся.

— Гэй! Адміністрацыя! Пратравіце вошай!

— Чакайце. Ваш званок вельмі важны для нас…

А ўлетку 2024‑га я неяк пайшоў спраўляць патрэбу. Ну і штосьці пайшло не так, і вось я ўжо страчваю прытомнасць на ўнітазе.

— Адміністрацыя! Алё! Адчыніце кармушкі (акенца для падачы ежы ў камеру), каб паветра хоць неяк цыркулявала!

— Чакайце. Ваш званок вельмі важны для нас…

Адміністрацыі гродзенскай турмы № 1 відней, калі кармушкі адкрываць. У іх усё чотка: ніякіх кармушак, пакуль нехта з зэкаў не зажмурыцца. І так кожны год.

Лета-2023 я правёў у ізалятары ваўкавыскай зоны. І ведаеце што? Там па клімаце было значна камфортней, чым у атрадзе. Сцены нарэшце высахлі. Па трубах кандэнсат не цячэ. Ні табе праверак тры разы на дзень на сонцапёку, ні працы на бруднай смярдзючай промцы. Дах едзе, канечне, але хаця б у камфортным тэмпературным рэжыме.

Улетку 2022‑га я тусаваўся ў баранавіцкім СІЗА. Стары корпус. Былая стайня пры цары. Шчыльнасць насельніцтва на квадратны метр — як у электрычцы Мумбаі — Калькута. Трубы цякуць, сцены цякуць, столь цячэ, людзі цякуць.

— Туберкулёз, ты там як?

— Ды ўсё крута! Вунь, ужо і ў аўтары гэтага тэксту пасяліўся!

Ну а вы як, спадарства? Пацееце, пэўна? А прыкіньце, як цяпер тым, для каго перспектыва выпіць мангістай маргарыты паводле імавернасці прыкладна роўная палёту ў космас.

Яны выкараскаюцца, вядома. Раней выкараскваліся — і цяпер атрымаецца. І не трэба, спадарства, забівацца, дэпрэсаваць, заламываць рукі і пасыпаць галаву попелам. Проста памятайце пра тое, што палітзэкі ёсць. А гэта значыць, што наша задача — зрабіць так, каб яны выйшлі жывыя і максімальна здаровыя».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула