«Мая пазіцыя адносна сілавікоў пасля перамогі простая». Экс-палітвязень пра шклоўскую калонію, падполле і «карэліцкую справу»
Уладзімір Гарох пісаў хрысціянскія песні, працаваў у псіханеўралагічным інтэрнаце і на ўласныя вочы бачыў, як гніе дзяржаўная сістэма. У 2020 годзе ён вырашыў рашуча дзейнічаць і пачаў рыхтаваць сілавы адпор міліцыі. Былы палітвязень распавёў «Вясне» пра «карэліцкую справу», пра тое, як цудам пазбег арышту падчас уцёкаў, як сядзеў у суседняй камеры з Вітольдам Ашуркам у апошнія дні яго жыцця і чаму нават пасля турмы, вымушанай эміграцыі і страты маёмасці адмаўляецца лічыць сябе ахвярай.
Жыццё да 2020-га. Творчасць, вера і ўсведамленне несправядлівасці
Размова пачынаецца з абмеркавання творчасці і жыцця да палітычных узрушэнняў. Герой згадвае выхад «Турэмнага зборніка твораў беларускіх палітвязняў», куды ўвайшлі яго вершы.
«Самае галоўнае — не ўносіць змены, якія мяняюць гісторыю, — пачынае свой аповед Уладзімір. — Нядаўна выйшла кніга «Турэмны зборнік твораў беларускіх палітвязняў», іх раздавалі ў Беластоку. Там мае вершы апублікавалі, але напісалі, што мяне арыштавалі нібыта ў снежні. Такія скажэнні непрыемныя».
Былы палітвязень згадвае, што цікавасць да мастацтва з'явілася ў яго яшчэ ў дзяцінстве, бо ён выхоўваўся ў творчай сям'і.
«Увогуле, я творчасць люблю, яшчэ да падзей 2020‑га года складаў песні хрысціянскага фармату, пісаў вершы і музыку. Я вернік, пратэстант, з пяцідзясятнікаў, — тлумачыць былы палітвязень. — Мая мама ў маладосці пісала вершы, а тата быў музыкам — граў на баяне, гармоніку. У дзяцінстве я ў чацвёртым класе быў салістам народнага духавога аркестра ў нашым пасёлку Наваельня. Павінен быў ехаць на рэспубліканскі конкурс «Чырвоныя гваздзікі», але захварэў на рэўматызм сэрца, і на гэтым кар'ера скончылася. Потым вучыўся ў музычнай школе на акардэоне і трубе, асвоіў гітару і сінтэзатар. Калі трапіў у армію (у памежныя войскі на афганскай мяжы ў Таджыкістане), палову службы праслужыў у ваенным аркестры».
Кніга твораў беларускіх палітвязняў «Турэмны зборнік», у якой апублікаваныя вершы Уладзіміра
У дарослае жыццё ён увайшоў спачатку як будучы аграном. Аднак пазней пераключыўся на грамадскую і сацыяльную працу, дзе на ўласныя вочы пабачыў сістэмныя праблемы дзяржавы.
«Пасля арміі я вучыўся ў сельгастэхнікуме на агранома ў Навагрудку. Быў на чацвёртым курсе, калі пранікся ідэяй «выратавання свету», забраў дакументы і пайшоў працаваць, — распавядае суразмоўца. — Да палітыкі асаблівага дачынення не меў, але ў мяне заўсёды было абвостранае пачуццё справядлівасці.
Апошнія чатыры гады да 2019‑га я працаваў санітарам у псіханеўралагічным доме-інтэрнаце ў Навагрудку. Прасцей кажучы — дурдом.
Там я бачыў, як не хапае медыкаментаў, памперсаў для ляжачых хворых, а галоўныя чыноўнікі выкрэсліваюць неабходнае са спісаў. Прыязджаюць правяраючыя з санстанцыі — з санітараў і медсясцёр збіраюць грошы, даюць хабар, і тыя ўсё падпісваюць. Згодна з нормамі СанПіН гэты інтэрнат увогуле трэба было закрываць.
Я заўсёды звяртаў увагу на дробязі і збіраў пазлы ў агульную карціну: пагляджу на сельскую гаспадарку — бардак, на вытворчасць — бардак. Усюды бардак».
Жнівень 2020-га. Ад мірных маршаў да падрыхтоўкі сілавога супраціву
Падзеі перадвыбарчай кампаніі 2020 года сталі трыгерам. Бачачы жорсткасць міліцыі, Уладзімір вырашае не заставацца ўбаку і пачынае гуртаваць вакол сябе людзей.
«У ліпені 20‑га года ў Навагрудку людзі ладзілі маршы: ідуць з гітарамі, спяваюць. І тут іх пачалі хапаць, — згадвае ён. — Я абурыўся. У мяне ў свядомасці адбылася ўспышка — я зразумеў, што Святлана Ціханоўская — гэта як святло ў канцы тунэля. У 90‑х я харызматычнаму маладому Лукашэнку верыў, але тады ніхто не ведаў ні пра яго мазаічную псіхапатыю, ні пра тое, што яго фактычна паставіла Масква».
Разумеючы, што мірнымі акцыямі рэжым не змяніць, ён пачаў рыхтавацца да больш рашучых дзеянняў.
«Я ўключыўся ў працэс. Проста напісаў у мясцовы чат у Viber: «У мяне ёсць ідэі. Тэлефануйце». Я ўсведамляў, што мянты таксама клюнуць, але хацеў знайсці неабыякавых. Сабраў групу: былі і студэнты і старэйшыя людзі. Першая сустрэча адбылася ў лесе. Гэта быў крок у невядомасць.
Спачатку мы дзейнічалі правераным спосабам: друкавалі і разносілі ўлёткі, я рабіў гэта практычна за свае грошы, якія зарабляў на будоўлі. 31 ліпеня мяне ўпершыню затрымалі. Я клеіў плакаты пра сустрэчу з даверанымі асобамі Ціханоўскай на пад'ездах. Пратрымалі ў пастарунку да чацвёртай раніцы. Тым не менш, мітынг з даверанымі асобамі Ціханоўскай першага жніўня адбыўся. Я там выступаў і спяваў «Каб любіць Беларусь маю мілую».
Пасля гэтага мужчына пачаў рыхтаваць уласны мітынг, які павінен быў прадугледжваць абарону ад сілавікоў. Але планы не здзейсніліся праз здраду ў сваіх жа шэрагах.
Уладзімір Гарох на кухні кватэры, у якой жыве з іншымі былымі палітвязнямі
«Карэліцкая справа»
«Што тычыцца «карэліцкай справы» — пэўная доля праўды ў абвінавачваннях ёсць. Я не ружовы і пухнаты. Я сапраўды рыхтаваў мітынг і прадугледжваў сілавы сцэнар, — прызнаецца Уладзімір. — Я ведаў, што калі мы збяромся, мянты пачнуць пакаваць людзей. Таму я рыхтаваў групу моцных хлопцаў: як толькі пачнецца затрыманне, мая група ўступае і малоціць мянтоў, каб даць людзям магчымасць разбегчыся. Я яшчэ тады сказаў: добраахвотна Лукашэнка ўладу не аддасць. Толькі сілавое ўздзеянне.
Але тое, што на мяне павесілі ў судзе — што ў мяне тона газы схаваная, што я арматуру ўжо рэжу — гэта лухта.
Зачэпкай для міліцыі сталі словы майго кіроўцы. На сустрэчы ён баўтнуў лішняга, а гэта пачуў адзін з нашых карэліцкіх, у якога сваяк служыў у міліцыі. Ён мяне тупа здаў».
«Я крычу: «Газуй!» Уцёкі, падполле і арышт
Калі кола вакол Уладзіміра пачало звужацца, ён быў вымушаны ісці ў падполле. Мужчына апісвае, як літаральна ўцякаў з-пад носа ў міліцыі.
«Шостага жніўня я вярнуўся з Мінска ў Навагрудак. Мне тэлефануе знаёмы мент, якому я рабіў рамонт: «Прыедзь, трэба пару кубоў пліткі тратуарнай пакласці», — расказвае Уладзімір пра дзень, калі яго ледзь не затрымалі. — Я адразу зразумеў, што пахне смажаным. Плітку кубамі не лічаць! Прыязджаю да дома, і сваяк гаспадыні кажа, што нейкая машына круціцца. Ён выклікаўся мяне падвезці. Калі мы ад’язджалі ад хаты і паварочвалі на суседнюю вуліцу, там стаяла машына гэтага мянта і маёра, які затрымліваў мяне з улёткамі. Я крычу: «Газуй!» Мы заляцелі ў іншы квартал, я выскачыў, лёг за прыпаркаванымі машынамі і назіраў, як яны мяне шукаюць».
Наступныя 12 дзён ператварыліся ў сапраўднае выпрабаванне па выжыванні. Уладзімір спаў на зямлі, хаваўся ў сваякоў і актывістаў, пазбягаючы шматлікіх міліцэйскіх хапуноў.
«У мяне ў заплечніку былі берцы, балаклава, пальчаткі і цяльняшка. Я сышоў у лес. Я памежнік, спаць на зямлі для мяне — нармальна. Потым перабраўся ў Наваельню. Інтуіцыя падказала да мамы не ісці, пайшоў да сястры, а ў мамы акурат ішоў ператрус. Ледзь не трапіўся. Зноў уцёк у лес.
Пасля мяне перавезлі ў Бярозаўку, дзе некалькімі днямі раней я пазнаёміўся з Вітольдам Ашуркам. Мы прагаварылі некалькі гадзін, я выклаў яму сваю праграму дзеянняў. Ён тады сказаў: «Мы гэтых слоў чакалі дзесяць гадоў». Мы адразу зразумелі, што браты па зброі».
Вітольд дапамог Уладзіміру знайсці бяспечнае месца ў Лідскім раёне. Знаходзячыся ў падполлі, ён працягваў каардынаваць людзей, але адзін неасцярожны званок каштаваў яму свабоды.
«Партызаніў дома ў лідскім раёне 9 дзён, мяне нікуды не пускалі, але праз інтэрнэт і сустрэчы ў гаражах я здолеў сфарміраваць сем пратэсных груп. Мяне б застрэлілі на мітынгах, бо планы былі далёка не мірныя.
Але я зрабіў глупства — патэлефанаваў з «левай» сімкі стрыечнай сястры і не выкінуў яе. 18 жніўня ўвечары па мяне прыйшлі трое сілавікоў у цывільным з са зброяй. Я спакойна сабраўся, мне апранулі кайданкі і павезлі ў Лідскі РАУС».
Шклоўская калонія, катаванні ў ШІЗА і смерць Вітольда Ашурка
Пасля арышту і хуткага суда для Уладзіміра пачаўся доўгі этап па ізалятарах. Але цяжэй за ўсё яму прыйшлося ў шклоўскай калоніі.
«Мяне асудзілі хутка. Супраць мяне выкарысталі аўдыязапіс з нашых сустрэч і мой гнеўны допіс у Viber. Мой сын ратаваў параненага падпалкоўніка на маршы, і сына за гэта затрымалі і збілі. Я на эмоцыях напісаў у чат, што ўлада залье краіну крывёй, выкарыстаўшы словы «мразь» і «ўрод». За гэта мне прышылі абразу прэзідэнта. А таксама асудзілі за «масавыя беспарадкі» і прызначылі сем гадоў узмоцненага рэжыму».
Калі ў СІЗА стаўленне было больш-менш нейтральным, то ў Шклове палітычных пачалі ламаць з першых дзён, распавядае суразмоўца.
Неўзабаве Уладзімір апынуўся ў ізалятары.
«Шостага сакавіка 2021 года я прыехаў у шклоўскую калонію. Яшчэ нават пераапрануцца не паспелі, як нас па адным пачалі выклікаць у кабінет. Там бамбіза накінуўся на мяне: «Ды вы фашысты! Ды вас страляць трэба!» Ужо на другі дзень маёр Сазонаў склаў на мяне рапарт нібыта за мацюкі.
У траўні мяне кінулі ў ШІЗА. ШІЗА — гэта найперш катаванне холадам. Акно пастаянна адкрытае, нават у мароз, суцэльны скразняк. Спіш на голых дошках у майцы і тонкай куртцы з сінтэтычнага матэрыялу. Надыхаеш унутр курткі, сагрэешся на гадзіну, потым прачынаешся ад холаду, прысядаеш, зноў дыхаеш. Каб неяк спаць, я рабіў падушку: устаўляў адзін тапак у другі і засоўваў туды рулон туалетнай паперы. Скура на кулаках лопалася, была як вадкая, не загойвалася. Лекі не давалі, і я лячыў раны звычайным гаспадарчым мылам.
Мяне змяшчалі некалькі разоў у ШІЗА. Апошнім разам, у канцы 2022 года мяне змясцілі ў ПКТ на 90 сутак, падчас якіх дадалі яшчэ 10 сутак ШІЗА. Адпусцілі на тры дні ў атрад, а затым зноў у ШІЗА. Гэтым разам — на 42 дні. А пасля чаго мяне перавялі ў турму. За гэтыя 142 дні я згубіў каля 25 кілаграмаў вагі».
Менавіта ў гэтых нечалавечых умовах Уладзімір стаў сведкам трагедыі, якая ўзрушыла ўсю краіну — смерці Вітольда Ашурка, які знаходзіўся літаральна за сцяной.
«14 траўня мяне ўпершыню закрылі ў ШІЗА. А ўжо на другі дзень раніцай да мяне заляцеў начальнік рэжымнага аддзелу Сяргей Уладзіміравіч Карчэўскі. А з ім яшчэ некалькі мянтоў. Калі я даваў яму даклад, я троху павярнуў галаву.
«Чаго галаву паварочваеш?!» — ударыў маёй галавой аб сцяну так, што набіў шышку. Расцягнуў мне ногі і пачаў малаціць дубінкай. Я паваліўся на падлогу, але яны працягвалі збіваць. Я мог бы даць адпор, але ведаў: калі б я кагосьці паклаў, прыбег бы рэзерв і мяне проста забілі б.
Я сядзеў у суседняй камеры з Вітольдам. Я чуў нейкія грукат і рух, здавалася, што ён там не адзін, што яму кагосьці падсадзілі, — дзеліцца ўспамінамі мужчына. — Аднойчы чуў, як Сазонаў зайшоў да яго і збіваў. 19 траўня я чуў словы: «Памый морду, недаразвіты!» Гэта былі словы ў адрас Вітольда. А 21 траўня ў абед Вітольд перастаў адгукацца.
Радыё-кропку ўрубілі на ўсю гучнасць, каб заглушыць гукі, але я чуў, як бегалі мянты і казалі, што там «мора крыві». Потым прыйшоў опер і паведаміў, што Ашурак памёр. Для мяне гэта быў шок».
Пасля жорсткага збіцця і раптоўнай гібелі паплечніка літаральна за суседняй сцяной, Уладзіміру давялося змагацца не толькі з турэмнай адміністрацыяй, але і з паралізуючым унутраным страхам.
«І вось пасля таго, як мяне збілі, і пасля таго, як загінуў Вітольд, я ўсвядоміў: я магу адсюль проста не выйсці.
Пасля гэтага ў мяне нейкі час была сапраўдная фобія — я вельмі баяўся ШІЗА. Мяне не напружвала сама адзінота, я люблю разважаць і нармальна пераношу ізаляцыю. Але мяне напружвала адчуванне таго, што тут крок управа, крок улева — і цябе могуць забіць. Калі цябе б'юць у закрытым памяшканні, з якога фізічна няма выхаду, ты ад безвыходнасці проста пачынаеш задыхацца. Гэтае разуменне, што ты цалкам у іх уладзе і што любое пакаранне можа стаць апошнім, было самым цяжкім ціскам».
Прамзона, перавод у турму і самаадукацыя
Баючыся ўплыву былога актывіста на іншых вязняў, адміністрацыя пачала ізаляваць яго ад астатніх, кідаць у ПКТ, а пазней перавяла на жорсткі турэмны рэжым.
«У калоніі адміністрацыя пачала баяцца маёй кансалідацыі з іншымі зэкамі. Начальнік аператыўнага аддзела ўвёў забарону на камунікацыю са мной. Але людзі ўсё роўна мне дапамагалі. Мянты адмыслова падсаджвалі да мяне хлопцаў з іншых атрадаў, каб я на іх «стучаў». А я рабіў наадварот — папярэджваў хлопцаў і стучаў на саміх мянтоў. На прамзоне я працаваў на швейнай фабрыцы. Там былі вельмі вялікія вайсковыя заказы. Калі пачалася вайна, мы шылі вайсковую форму для расіян, спальнікі. На сталярцы іншыя вязні рабілі драўляныя скрыні для мін і для «Градаў». На промцы была магчымасць хадзіць паміж паверхамі, і я выкарыстоўваў гэты час для аператыўнай працы — шукаў ідэйных людзей».
Каб спыніць камунікацыю Уладзіміра з іншымі, адміністрацыя прызначыла яму статус «злоснага парушальніка» і ўнесла ў «спіс тэрарыстаў».
«Мяне кінулі ў ПКТ на 90 сутак, потым яшчэ ў ШІЗА. Агулам пад «крышай» я правёў 167 дзён, — падлічвае былы палітвязень. —
У нейкі момант ад фізічнага знясілення і здзекаў хацелася проста разбіць сабе галаву аб сцяну. Але я спыніў сябе: мне ёсць дзеля каго і дзеля чаго жыць.
Мяне перавялі на турэмны рэжым і ўнеслі ў спіс «тэрарыстаў». Гэта значыла поўную фінансавую блакаду — ніводнага грашовага пераводу я не атрымаў, атаварвацца не мог. Адна бандэроль у два кілаграмы на год. Мы ў камеры выжывалі разам. Калі была адна цыгарэта — рабілі тры самакруткі з маленечкай паперы».
Амаль тры гады ў чатырох сценах Уладзімір выкарыстаў для ўнутранай трансфармацыі і самаадукацыі, не даючы нянавісці знішчыць сябе знутры.
«У турме псіхалагічна было нават лягчэй. Я ізаляцыю пераношу нармальна. У бібліятэках калоніі і турмы знаходзіў кнігі гісторыка Віктара Суворава, гісторыю ВКЛ, працы па псіхалогіі Эрыха Фрома і Роберта Грына. Я напісаў каля 20 вершаў, распрацоўваў сваю праграму развіцця грамадства на 20 пунктаў — ад медыцыны да судовай сістэмы. Мяне трымала мэта.
Я не маю нянавісці, нянавісць з'ядае. Я хачу справядлівасці.
Мая пазіцыя адносна сілавікоў пасля перамогі простая: тых, чыю віну не дакажаш прама, трэба ставіць перад выбарам. Або пішаш чыстасардэчнае прызнанне і сядзіш па законе, або мы цябе закрыем «па бязмежжы». Ідэалагічныя ж ворагі павінны быць проста дэпартаваныя з краіны».
Воля, эміграцыя і жыццё з чыстага ліста
Вызваленне прынесла новыя выпрабаванні: эміграцыя ў Польшчу, страта маёмасці і неабходнасць будаваць жыццё з нуля ў 53 гады.
«Сёння я ў Варшаве. Дзеці раз'ехаліся: нехта ва Украіне, старэйшы сын у Познані, малодшыя ў Беларусі. Рэжым пазбавіў мяне ўсёй маёмасці. Дакументаў няма, правы кіроўцы зніклі, нават любімая гітара, якую мне падарылі 20 гадоў таму, засталася дома. І я нават баюся прасіць кагосьці яе перадаць, каб не падставіць людзей, бо я ж афіцыйна лічуся «тэрарыстам».
Страціўшы практычна ўсё матэрыяльнае, былы палітвязень адмаўляецца лічыць сябе ахвярай абставінаў. Ён свядома блакуе негатыў і факусуецца на тым, што мае сёння.
«Я навучыўся адпускаць мінулае і кіраваць сваімі эмоцыямі. Калі прыходзіць боль ці сум, то я проста не даю ім доўга затрымлівацца ў галаве. Зараз я працую на будоўлі. Паўгода адзін толькі хлеб надзённы. Канечне, цяжка, няма часу на творчасць ці палітыку, бо трэба станавіцца на ногі, але гэта ўсё часова. Мне няма калі ў дэпрэсіі валяцца. Я не граю ролю ахвяры: «Ой, як я пацярпеў». Ды ну яго! У негатыве ніколі не даб'ешся пазітыўных вынікаў».
Нягледзячы на складаны працэс адаптацыі, Уладзімір з аптымізмам глядзіць у будучыню і адчувае моцную падтрымку.
«Я вельмі ўдзячны польскаму народу і дзяржаве за салідарнасць. Я сустракаўся тут з прадстаўнікамі ўлады, і яны запэўнілі: «Польшча ніколі не пакіне Беларусь». Таксама я бязмерна ўдзячны нашым беларускім ініцыятывам і валанцёрам, якія дапамаглі з кватэрай і дакументамі. Нам тут ніхто нічога не павінен, таму кожнай дапамозе трэба радавацца і дзякаваць. Я дыхаю свабодай, я бачу магчымасці і не збіраюся здавацца. Я жыву ў цяперашнім часе. І дакладна ведаю: я знайду магчымасць ісці да сваёй мэты далей. Галоўнае — жывы. А без усмешкі — нікуды».