БЕЛ Ł РУС

Кейка Фухіморы стала прэзідэнтам Перу з чацвёртай спробы

30.06.2026 / 14:38

Nashaniva.com

Галасы лічылі тры тыдні.

Кейка Фухіморы, фота Wikimedia Commons

Кансерватыўны палітык Кейка Фухіморы перамагла ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Перу, апярэдзіўшы кандыдата ад левых Роберта Санчэса, піша Бі-бі-сі.

51‑гадовая дачка Альберта Фухіморы, прэзідэнта Перу канца 90-х, асуджанага за злачынствы супраць чалавечнасці, абяцае працягнуць курс бацькі, які жорсткай рукой змагаўся са злачыннасцю і паўстанцамі.

Кейка Фухіморы спрабавала стаць прэзідэнтам апошнія 15 гадоў, і кожны раз яе апаненты розных поглядаў аб’ядноўваліся, каб прадстаўнік сям’і Фухіморы не стаў кіраўніком дзяржавы. Чацвёртая спроба аказалася паспяховай.

Пералік галасоў доўжыўся больш за тры тыдні, і перавага Фухіморы аказалася адной з найменшых за апошнія дзесяцігоддзі. Ключавое перадвыбарчае абяцанне Фухіморы — барацьба са злачыннасцю. У гэтым яна абапіраецца на спадчыну свайго бацькі.

«Уся наша энергія будзе сканцэнтравана на тым, што мы ўмеем рабіць: [дзейнічаць] жорсткай рукой супраць злачыннасці», — заявіла яна.

Другі тур выбараў, у якім Фухіморы, кандыдат ад партыі «Народная сіла», змагалася з кандыдатам ад левай партыі «Разам за Перу» Робертам Санчэсам, адбыўся 7 чэрвеня.

Нацыянальнае ўпраўленне выбарчых працэсаў завяршыла пералік бюлетэняў толькі ў гэты панядзелак. Паводле яго даных, Фухіморы атрымала 9 223 396 галасоў (50,135 %), а Санчэс — 9 173 755 (49,865 %) галасоў.

Розніца паміж імі склала 49 641 голас — адзін з найменшых разрываў у гісторыі прэзідэнцкіх выбараў у Перу за апошнія дзесяцігоддзі.

Вынікі яшчэ павінны быць афіцыйна абвешчаныя Нацыянальнай выбарчай камісіяй (JNE).

Кейка Фухіморы ўжо тройчы спрабавала стаць прэзідэнтам на працягу апошніх 15 гадоў і кожны раз прайгравала з мінімальнай розніцай. На гэты раз спачатку здавалася, што сітуацыя паўторыцца: пасля падліку 85 % галасоў у другім туры з невялікай перавагай лідзіраваў Санчэс.

Паводле яго слоў, вынікі паказвалі «значную перавагу, якая падкрэслівае волю народа да дэмакратыі і справядлівасці».

51‑гадовая Кейка Фухіморы стане першай жанчынай, абранай прэзідэнтам Перу, і другой жанчынай на гэтай пасадзе.

Кейка Фухіморы — дачка былога прэзідэнта Альберта Фухіморы, які кіраваў Перу ў 1990—2000 гадах. Ён вядомы жорсткай барацьбой з арганізаванай злачыннасцю і паўстанцамі, што яго прыхільнікі лічаць дасягненнем, а крытыкі — праявай аўтарытарызму і парушэнняў правоў чалавека.

У канцы яго кіравання ў Перу разгарэўся палітычны крызіс, і Фухіморы збег у Японію, адкуль спрабаваў падаць у адстаўку па факсе. Кангрэс яе не прыняў і адправіў яго ў адстаўку. У 2003 годзе Інтэрпол выдаў ордар на арышт Фухіморы па абвінавачаннях у забойствах, выкраданнях людзей і злачынствах супраць чалавечнасці, у тым ліку прымусовай стэрылізацыі.

У 2005 годзе яго затрымалі ў Чылі і экстрадавалі ў Перу, дзе ён быў асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі. У 2023 годзе яго вызвалілі па стане здароўя.

У 2024 годзе Кейка Фухіморы абвясціла, што яе бацька плануе ўдзел у выбарах 2026 года, але праз два месяцы ён памёр.

У Перу існуе паняцце antifujimorismo (антыфухімарызм) — адмова ад падтрымкі любой асобы з сям’і Фухіморы. Гэта аб’ядноўвае выбаршчыкаў розных палітычных поглядаў, якія галасуюць не «за», а «супраць» Фухіморы.

На выбарах 2016 года многія левыя падтрымалі Педра Пабла Кучынскага, каб не дапусціць перамогі Кейка Фухіморы. У 2021 годзе цэнтрысты і лібералы падтрымалі марксіста Педра Кастыльё, які перамог з мінімальнай перавагай.

Як адзначаюць эксперты, антыфухімарызм у апошнія гады аслабеў з-за расчаравання ў іншых урадах і палітычнай нестабільнасцю. Перуанцы стаміліся ад крызісаў і ўспрымаюць Фухіморы як «меншае зло».

Яна робіць стаўку на бяспеку і барацьбу са злачыннасцю, прапаноўваючы жорсткія меры, уключаючы ўдзел вайскоўцаў у ахове парадку, будаўніцтва мегацюрмаў і высылку нелегальных мігрантаў-злачынцаў.

У Перу сапраўды ёсць праблемы з бяспекай: узровень вымагальніцтва і забойстваў дасягнуў 10,7 на 100 000 жыхароў.

Паводле экспертаў, рост падтрымкі такіх палітыкаў звязаны з агульнай стомленасцю грамадства ад нестабільнасці і недаверам да традыцыйных палітычных сіл.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула