БЕЛ Ł РУС

Вялікі адронны калайдар надоўга спыніў працу

30.06.2026 / 17:08

Nashaniva.com

Вялікі адронны калайдар прыпыніў працу на чатыры гады для маштабнай мадэрнізацыі. Пра гэта паведаміў Еўрапейскі цэнтр ядзерных даследаванняў (CERN).

Фота: CERN

За гэты час плануецца правесці тэхнічнае абслугоўванне і абнавіць паскаральнік у межах праграмы Long Shutdown 3 (LS3). Пасля мадэрнізацыі калайдар ператворыцца ва ўстаноўку высокай светнасці HiLumi LHC.

Чакаецца, што абноўлены калайдар зможа рабіць у дзесяць разоў больш сутыкненняў часціц за секунду, чым раней. Гэта дапаможа навукоўцам атрымаць больш дакладныя даныя і пашырыць даследаванні фундаментальных законаў прыроды.

У CERN адзначаюць, што Вялікі адронны калайдар і раней неаднаразова спынялі для тэхнічнага абслугоўвання, аднак цяперашняя мадэрнізацыя стане самай маштабнай з моманту яго запуску ў 2008 годзе.

Адной з галоўных задач пасля аднаўлення працы стане больш дакладнае вывучэнне базона Хігса, адкрыццё якога было пацверджана з дапамогай калайдара ў 2012 годзе. Таксама навукоўцы працягнуць пошук новых фізічных з'яў, якія выходзяць за межы сучаснай Стандартнай мадэлі фізікі.

Вялікі адронны калайдар — самы вялікі і магутны ў свеце паскаральнік зараджаных часціц (пратонаў і цяжкіх іонаў). Гэта гіганцкае падземнае кальцо даўжынёй каля 27 кіламетраў, пабудаванае на глыбіні да 175 метраў на мяжы Францыі і Швейцарыі (каля Жэневы).

Калайдар разганяе часціцы насустрач адна адной амаль да хуткасці святла і сутыкае іх. Слова «адронны» азначае, што ён працуе з адронамі (часціцамі, якія складаюцца з кваркаў, напрыклад, пратонамі), а «калайдар» паходзіць ад англійскага collide — сутыкаць. Пасля навукоўцы вывучаюць вынікі гэтых сутыкненняў, каб зразумець, як уладкаваны наш Сусвет, з чаго складаецца матэрыя і што адбывалася ў першыя імгненні пасля Вялікага выбуху.

Менавіта на ВАК у 2012 годзе быў адкрыты знакаміты базон Хігса — часціца, якая тлумачыць, чаму іншыя часціцы маюць масу.

Чытайце таксама:

Чаму амерыканцы так ірвуцца на Месяц, што там будуць здабываць? І што да таго беларусам? Тлумачыць беларускі астрафізік

Уладальнік Вялікага адроннага калайдара скасаваў супрацоўніцтва з Беларуссю

Швейцарыя прэзентавала рэвалюцыйную тэхналогію, якая амаль цалкам можа пазбавіць свет ад радыеактыўных адкідаў

«Мае знаёмыя робяць у Акадэміі разлікі для расійскіх ракет». Што адбываецца з беларускай навукай

Каментары да артыкула