«Мне так добра раней ніколі не было». Як жыве беларуская сям’я, у якой жонка аддала нырку мужу
Беларуска Алена Хвасцёнак расказала Свабодзе, як яны з мужам адчуваюць сябе пасля аперацыі, пра вяртанне да працы і пераезд у новае жытло.
18 сакавіка адну нырку беларускі Алены Хвасцёнак перасадзілі яе мужу Сяржуку, у якога свае ныркі амаль перасталі працаваць. Алена сама прапанавала стаць донарам для мужа. Пры абследаванні лекары папярэдне высветлілі, што яе орган пасуе для трансплантацыі.
«Сябры жартуюць, што мы цяпер адно цэлае з гэтымі ныркамі. Мая нырка ў ім, і мы цяпер нікуды адно ад аднаго», — смяецца Алена Хвасцёнак.
Алена дадае, што апошні месяц жыцця зусім не памятае, бо адначасова ўладкоўвалася на працу, рамантавала кватэру і пераязджала, дзеці заканчвалі школьны год. «Няма ніводнай свабоднай хвіліны», — кажа суразмоўца.
Сяржук і Алена Хвасцёнкі паходзяць з Полацку. Ужо некалькі гадоў жывуць у польскім Гданьску. У 2021 і 2022 гадах Сяржук тройчы адседзеў арышт, агулам амаль два месяцы: за налепку з Пагоняй, фота з бел-чырвона-белым сьцягам, стары перапост з «экстрэмісцкага» медыя. У выніку Хвасьцёнка звольнілі з працы. У лістападзе 2022 году ў кватэру, дзе ён зарэгістраваны і дзе жыла ягоная маці, прыйшлі з ператрусам. Выявілася, што на Сяргея завялі пяць крымінальных справаў, у тым ліку за «абразу службовай асобы» (суддзі), «паклёп і пагрозу гвалтам міліцыянту». Да візіту сілавікоў ужо ўва ўласную ягоную кватэру ён паспеў сабраць рэчы і з'ехаў з дому. Спачатку хаваўся ў Беларусі, потым у Расеі, адтуль трапіў у Эстонію, Нямеччыну і ўрэшце ў Польшчу. Праз паўгоду да яго пераехала сям’я. Праблемы з ныркамі ў Сяргея выявілі яшчэ ў Беларусі.
У канцы 2025 лекары выявілі, што ныркі амаль перасталі працаваць. Мужчыну прапаноўвалі пажыццёвы дыяліз — працэдуру ачышчэння крыві, якую трэба рабіць некалькі разоў на тыдзень па некалькі гадзін. У рэжыме дыялізу Сяргей не здолеў бы працаваць. Чарга на перасадку ад памерлага донара была занадта вялікай. Тады Сяргеева жонка прапанавала стаць донарам для яго.
Цяжкія першыя дні
Праз тры з паловай месяцы пасля вырашальнай аперацыі сям’я Хвасцёнкаў вяртаецца да звычайнага жыцця. Абое сужэнцаў выйшлі на працу, пераехалі ў новае жытло і ачуньваюць.
«У мяне ўсё ў парадку пасля аперацыі. Было вельмі цяжка першыя чатыры дні, можа, тыдзень. Зусім нармальна я пачала сябе адчуваць недзе праз месяц. Адчуваннямі мне гэта крыху нагадвала кесарава сячэнне. Паціху зажывае рана», — расказала Алена.
У яе мужа Сяржука сітуацыя была не такой простай. У нейкі момант, але не адразу пасля аперацыі, ягоны арганізм перастаў прымаць нырку. Сяржук зноў лёг у шпіталь. Там яму зрабілі яшчэ некалькі аперацыяў.
Дагэтуль Сержуку, бывае, становіцца кепска, нядаўна моцна забалеў жывот, ён тэрмінова паехаў у шпіталь на абследаванні. Баліць страўнік ад вялікай колькасці таблетак.
Алена ў польскім шпіталі
Дозу імунадэпрэсантаў, якія дапамагаюць арганізму не адкідаць перасаджаную нырку, крыху знізілі. Спачатку яна была вельмі вялікай, тлумачыць Алена. Імунадэпрэсанты яе мужу трэба будзе прымаць усё жыццё. Сяржук таксама ўжывае інсулін, каб рэгуляваць цукар у крыві, сочыць за харчаваннем.
Сяржук у шпіталі
«Пачуваецца па-рознаму, але ў асноўным добра, нашмат лепш. Раней ён сваё кепскае самаадчуванне не заўважаў, не разумеў, што яму блага, што ў яго высокі ціск.
А цяпер адчувае, калі ў яго добры ціск, калі падвышаны. Як я разумею, раней яму было кепска пастаянна, і ён думаў, што так трэба. Ён сказаў: «Мне так добра раней ніколі не было». Або калісьці было, але ён гэтага не памятае. Ён шмат ходзіць, шпацыруе, займаецца на велатрэнажэры», — расказала ягоная жонка.
Новая праца
Абое Хвасцёнкаў ужо выйшлі на працу. Сяржук два тыдні таму вярнуўся за стырно ў таксі. Раней яму не дазвалялі лекары. У Сержука свабодны графік. Калі ён стамляецца, прыязджае дадому адпачыць.
«Бо грошы ў нас зусім усе скончыліся», — тлумачыць Алена тое, чаму муж выйшаў на працу, хоць яшчэ не да канца ачуняў.
Перад аперацыяй беларусы сабралі для Хвасцёнкаў 4800 еўра, каб сям’я змагла ўтрымліваць сябе нейкі час, калі ніхто з пары не зможа працаваць праз стан здароўя. Алена шчыра дзякуе ўсім, хто іх тады падтрымаў. Адзначае, што самастойна перажыць гэты перыяд аднаўлення яны б не здолелі.
Алена і Сяржук у польскім шпіталі
Алена таксама знайшла новую працу. Уладкавалася ў агенцтва нерухомасці бухгалтаркай.
З папярэдняй фірмы, якую трымаюць беларусы, яе звольнілі яшчэ перад аперацыяй. Алена мяркуе, што гэта адбылося праз частую адсутнасць на працы, бо яна шмат часу праводзіла ў шпіталях, праходзіла абследаванні.
«Я ўжо тыдзень адпрацавала. Мне вельмі падабаецца. Дамова аб працы, сацыяльны пакет. Спадзяюся, заробак з часам будзе лепшы, бо я трапіла ў салідную польскую фірму пасля сумоўя», — усміхаецца яна.
Праз паўгоду Сяржук плануе шукаць іншую працу з большым заробкам, калі яму дазволіць здароўе, дадае Алена.
Часовая кватэра
Пасля аперацыі сям’я Хвасцёнкаў пераехала ў іншае жытло, расказвае суразмоўца. Ім не трэба плаціць арэндную плату, аплочваюць толькі камунальныя паслугі.
Хвасцёнкам было дорага арандаваць кватэру ў Гданьску, калі яны не працавалі. Алена ўбачыла ў Facebook інфармацыю аб тым, што цэнтр падтрымкі мігрантаў у Гданьску шукае сям’ю, якой патрэбная дапамога з жытлом.
Умовы — не больш за чатыры чалавекі ў сям’і і дадатковая абарона ў Польшчы. У сям’і Хвасцёнкаў акурат чатыры чалавекі, у іх двое дзяцей-падлеткаў.
У шпіталі Алена і Сяргей правялі няшмат часу. Аднак пасля Сяргею прыйшлося зноў туды вярнуцца
Алена напісала ліст у гэты цэнтр, патлумачыла, што яны абое пасля аперацыі, не могуць працаваць і складана аплачваць здымную кватэру. Ёй адказалі ў першы працоўны дзень пасля гэтага ліста, запрасілі да сябе, паказалі кватэру, працягвае Алена.
«Кватэра, вядома, не супэр. Гэта не назаўсёды — пакуль мы не паправім здароўе. Гэта сацыяльнае жытло. Людзі, якія жылі да нас, не клапаціліся пра яго. Перад тым, як сюды пераехаць, у нас было вельмі шмат працы — фарбавалі, прыбівалі, завозілі нейкую мэблю. І самім не хочацца жыць у кепскіх умовах, і дзяцей прывезці ў такія», — расказвае беларуска.
З дзецьмі
Пераязджаць дапамагалі сябры. Ні Сержуку, ні Алене нельга цяпер падымаць цяжкія рэчы.
«Мне ўвогуле сказалі ўсё жыццё сябе берагчы і фізычнай працай не займацца. Яму таксама», — усміхаецца Алена.
Колькі яны змогуць жыць у гэтай кватэры, яна дакладна не ведае. Але адзначае, што як пачнуць зарабляць грошы, то пераедуць у здымнае жытло.