У Нью-Ёрку пара залезла на рэтрансляцыйную вежу хмарачоса дзеля заручын
У Нью-Ёрку двое людзей узняліся на самую вяршыню хмарачоса «Эмпайр-стэйт-білдынг», дзе размешчана радыё– і тэлевізійная рэтрансляцыйная вежа. Падчас небяспечнага ўзыходжання яны разгарнулі банер з надпісам: «Калі сіла кахання пераможа любоў да ўлады, у свеце настане мір». Пасля гэтага мужчына зрабіў сваёй спадарожніцы прапанову рукі і сэрца, паведамляе CBS News.
Фота: CBS News New York
Інцыдэнт адбыўся недзе апоўдні. Відавочцы расказалі, што спачатку не падазравалі нічога незвычайнага, бо меркавалі, што маладыя людзі маюць дазвол знаходзіцца на вежы. Аднак пазней назіральную пляцоўку эвакуявалі, а на месца прыбылі супрацоўнікі паліцыі, у тым ліку спецыяльныя падраздзяленні і паліцэйскі верталёт.
Паводле папярэдняй інфармацыі, удзельнікі акцыі падымаліся на самы верх без спецыяльнага страхавальнага абсталявання і падчас знаходжання на вяршыні вялі трансляцыю або размяшчалі паведамленні ў сацыяльных сетках. Спачатку яны пачалі спускацца, але затым зноў падняліся на верхнюю пляцоўку.
Фота: CBS News New York
Каля 12:35 пара канчаткова пачала спуск. На адной з ніжэйшых пляцовак мужчына стаў на адно калена і, як відаць на кадрах, зрабіў прапанову сваёй спадарожніцы. Пасля гэтага яны абняліся, жанчына зняла маску, і пара пацалавалася.
Фота: CBS News New York
Каля першай гадзіны дня абодвух затрымалі супрацоўнікі паліцыі. Паведамляецца, што ніхто не пацярпеў. Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, мужчыну і жанчыне могуць быць выстаўленыя абвінавачанні ў незаконным пранікненні на закрытую тэрыторыю і стварэнні небяспечнай сітуацыі.
Прадстаўнік адміністрацыі «Эмпайр-стэйт-білдынг» паведаміў, што інцыдэнт быў хутка ўрэгуляваны сумесна з паліцыяй. Паводле яго слоў, небяспекі для супрацоўнікаў, арандатараў і наведвальнікаў будынка не ўзнікала. Пры гэтым ён з гумарам заўважыў, што для запамінальнай прапановы шлюбу назіральная пляцоўка хмарачоса значна больш бяспечнае месца, чым рэтрансляцыйная вежа.
Фота: CBS News New York
Спецыялісты адзначылі, што падняцце на такую вышыню без падрыхтоўкі вельмі небяспечнае. На вежы працуе радыётэхнічнае абсталяванне, знаходзяцца крыніцы электраэнергіі, а любая памылка можа прывесці да цяжкіх наступстваў. Такія работы, як падкрэсліваюць эксперты, выконваюць толькі спецыяльна навучаныя людзі.
Гэта не першы выпадак, калі людзі падымаліся на вяршыню «Эмпайр-стэйт-білдынг». У 2023 годзе такі пад'ём здзейсніў музыкант і акцёр Джарэд Лета, аднак ён рабіў гэта з афіцыйнага дазволу адміністрацыі будынка.
Верхні паверх Эмпайр-стэйт-білдынг знаходзіцца на вышыні 381 метр. Калі ўлічваць рэтрансляцыйную вежу, то вышыня будынка складае 443,2 метра. Гэты культавы будынак уваходзіць у топ-10 самых высокіх у ЗША.
Вецер на самым версе будынка ў той час, як гэта адбывалася, быў паўднёва-заходнім, з хуткасцю 8‑16 кіламетраў за гадзіну, а тэмпература паветра, пакуль пара знаходзілася наверсе, складала 31,7 градуса.
Чытайце таксама:
У Пекіне самалёт урэзаўся ў самы высокі хмарачос
«Такой эліткі краіна не бачыла». У Мінску пабудуюць сакрэтныя хмарачосы а-ля Масква-Сіці
У «Газпрам цэнтры» патлумачылі, адкуль у недабудаваным хмарачосе ўзяўся гатовы офіс з вазонамі
Амерыканскі экстрэмал зрабіў неверагоднае: без страхоўкі падняўся на хмарачос на 500 метраў ВІДЭА