Ватыкан адлучыў ад царквы Брацтва святога Пія X. Раскольнікі маюць капліцу ў Мінску, дзе ўсё па-руску — што цяпер чакае гэтых вернікаў
Ватыкан афіцыйна абвясціў аб адлучэнні ад Царквы лідараў ультракансерватыўнага Брацтва святога Пія X, якія напярэдадні без дазволу Папы высвяцілі чатырох новых біскупаў. Гэта найбуйнейшы раскол за апошнія дзесяцігоддзі, які ставіць па-за законам сотні тысяч вернікаў па ўсім свеце, у тым ліку і грамаду лефеўрыстаў у Мінску.
Пасвячэнне чатырох новых біскупаў Брацтва святога Пія X у швейцарскім Эконе. Фота: fsspx.news
1 ліпеня ў швейцарскім Эконе, дзе размяшчаецца галоўная семінарыя Святарскага брацтва святога Пія X (FSSPX), адбыўся адкрыты бунт супраць улады Рыма. Біскуп Альфонса дэ Галарэта пры дапамозе біскупа Бернара Феле без папскага мандата высвяціў чатырох новых біскупаў са Швейцарыі, ЗША і Францыі.
За цырымоніяй назірала каля 15 тысяч чалавек, а генеральны настаяцель брацтва Давідэ Пальярані заявіў, што яны «гатовыя заплаціць любую цану, каб выратаваць Царкву», і праігнаруюць любыя санкцыі Ватыкана. Напярэдадні Папа Леў XIV у асабістым лісце літаральна маліў кіраўніцтва лефеўрыстаў адмовіцца ад высвячэнняў і «не раздзіраць Хітона Хрыстовага», але яго заклік быў адхілены.
Пасвячэнне чатырох чатырох новых біскупаў Брацтва святога Пія X у швейцарскім Эконе. Фота: fsspx.news
Біскуп Альфона дэ Галарэта на пасвячэнні новых біскупаў у швейцарскім Эконе. Фота: fsspx.news
Рэакцыя Рыма аказалася максімальна жорсткай. Ужо 2 ліпеня Дыкастэрыя веравучэння выдала дэкрэт за подпісам кардынала Віктара Фернандэса. Згодна з дакументам, усе біскупы, якія ўдзельнічалі ў ардынацыі, аўтаматычна падпадаюць пад адлучэнне ад Царквы (latae sententiae). Дыкастэрыя канстатавала факт афіцыйнага расколу (схізмы).
Што тычыцца астатняга духавенства і вернікаў-міран, Ватыкан вынес строгае папярэджанне: кожны, хто фармальна далучыцца да гэтага схізматычнага акта, таксама аўтаматычна будзе адлучаны.
Хто такія лефеўрысты і чаму яны пайшлі на раскол
Брацтва святога Пія X — гэта не лакальная маргінальная група, а гіганцкая глабальная структура, якая налічвае больш за 700 святароў, каля 260 семінарыстаў, мае ўласныя кляштары, школы і прысутнічае ў дзясятках краін свету. Колькасць іх паслядоўнікаў ацэньваецца ў 600 тысяч чалавек, а найбуйнейшыя цэнтры знаходзяцца ў Францыі, Швейцарыі і ЗША.
Архібіскуп Марсель Лефеўр, заснавальнік каталіцкага традыцыяналісцкага Братства святога Пія X (FSSPX). Фота: Wikimedia Commons
Канфлікт гэтай магутнай арганізацыі з Ватыканам мае даўнія карані. Ён пачаўся з непрыняцця рэформаў Другога Ватыканскага сабора (1962—1965). Заснавальнік брацтва, французскі архібіскуп Марсель Лефеўр, і яго паслядоўнікі катэгарычна адкінулі пераход на нацыянальныя мовы ў набажэнствах, курс на экуменізм і міжрэлігійны дыялог.
Брацтва прызнае выключна дарэформенную Трыдэнцкую імшу на лацінскай мове і патрабуе ад вернікаў строгага дрэс-коду: жанчыны прысутнічаюць на набажэнствах у доўгіх спадніцах і вэлюмах, надзяванне штаноў лічыцца непрымальным.
Пасвячэнне чатырох біскупаў у 1988 годзе таксама скончылася адлучэннем ад Царквы Папам Янам Паўлам II. Фота: Wikimedia Commons
Цяперашнія падзеі — гэта люстраны паўтор гістарычнага крызісу 1988 года. Тады сам Марсель Лефеўр, спаслаўшыся на «надзвычайнае становішча» ў Царкве, самавольна высвяціў чатырох біскупаў (у тым ліку цяперашніх кансекратараў дэ Галарэту і Феле) і гэтак жа быў адлучаны ад Царквы Папам Янам Паўлам II.
Міжнародная семінарыя святога Пія X у Эконе (Швейцарыя) — першая і галоўная навучальная ўстанова Брацтва, заснаваная архібіскупам Марселем Лефеўрам у 1970 годзе. Менавіта ў 1988 і 2026 гадах адбыліся самавольныя пасвячэнні біскупаў. Фота: Wikimedia Commons
Сімвал каталікоў-традыцыяналістаў з Брацтва святога Пія X — Сэрцы Езуса і Марыі пад каталіцкай каронай. Фота: Wikimedia Commons
Наступныя пантыфікі доўгія гады спрабавалі вярнуць традыцыяналістаў у лона Царквы.
У 2009 годзе Папа Бенедыкт XVI нават зняў адлучэнні з біскупаў Брацтва, што выклікала сусветны скандал, бо адзін з іх, Рычард Уільямсан, аказаўся адкрытым неанацыстам і адмаўляльнікам Халакосту.
Папа Францыск пайшоў на яшчэ большыя ўступкі, прызнаўшы сапраўднасць споведзяў і шлюбаў у лефеўрыстаў. Аднак новыя высвячэнні ў Эконе канчаткова перакрэслілі ўсе дыпламатычныя высілкі Ватыкана і зафіксавалі афіцыйны раскол.
Капліца на восьмым паверсе, руская мова і піяр ад суддзі Шміта
Алтар у мінскай капліцы Брацтва святога Пія X. Фота: фэйсбук-суполка «Трыдэнцкая Імша ў Мінску, fsspx»
Нягледзячы на глабальны маштаб, гэты раскол мае наўпроставае дачыненне да Беларусі. У краіне лефеўрысты дзейнічаюць абсалютна легальна. Яны зарэгістраваныя як рэлігійная грамада «Прыхільнікі Сэрца Езуса Хрыста», хоць уласнага асобнага касцёла ў іх дагэтуль няма.
Нядзельная імша праводзіцца ў капліцы, абсталяванай у памяшканні на восьмым паверсе бізнэс-цэнтра «Ocean» на праспекце Дзяржынскага, 3Б. Праўда, на пачатку 2024 года грамада нават абвяшчала «Крыжовы паход Ружанца», збіраючы малітвы за будаўніцтва ўласных храмаў у Мінску і Варшаве.
Праект касцёла лефеўрыстаў у ваколіцах Варшавы, на будаўніцтва якога збіраюць у мінскай грамадзе Брацтва. Фота: фэйсбук-суполка «Licytacje na rzecz budowy nowego kościoła FSSPX»
Пры гэтым дзейнасць лефеўрыстаў у Беларусі мае выразны русіфікатарскі ўхіл. Усе іх афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы, старонкі ў сацыяльных сетках і штоквартальны часопіс «Маліся за нас» вядуцца выключна на рускай мове.
Віктар Пасічнік (злева). Фота: ruscatholic.org
Швейцарскі святар Вернер Бёзігер. Фота: fsspx.by
Служба ў мінскай капліцы. Фота: фэйсбук-суполка «Трыдэнцкая Імша ў Мінску, fsspx»
Духоўную апеку над мінскай грамадой ажыццяўляюць святары Брацтва, сярод якіх пастаянна фігуруе швейцарац Вернер Бёзігер. Менавіта ў Мінску праходзіла ўрачыстая прыміцыйная (першая) імша Віктара Пасічніка — першага ў гісторыі рускамоўнага святара FSSPX, што зрабіла беларускую сталіцу нефармальным цэнтрам прыцягнення для традыцыяналістаў з суседніх краін.
Візіт у Мінск генерала Брацтва святога Пія X біскупа Бернара Феле, адлучанага цяпер Папам ад Царквы. 2012 г. Фота: fsspx.by
Трыдэнцкая імша па старым лацінскім абрадзе служыцца і ў іншых беларускіх гарадах: Лельчыцах, Сянне, Віцебску, Магілёве і Карэлічах. Аднак трэба разумець важны нюанс: далёка не ўсе яны маюць дачыненне да раскольнікаў. У рэгіёнах такія набажэнствы часта праводзяць афіцыйныя, прызнаныя Ватыканам святары, напрыклад, айцы-дамініканцы ці дыяцэзіяльныя ксяндзы.
Цікава, што расклад лацінскай імшы, у тым ліку ў капліцы Брацтва святога Пія X, рэкламаваў у сваім інстаграме скандальна вядомы польскі суддзя-перабежчык Томаш Шміт.
Што чакае прыхільнікаў Брацтва
Дэкрэт Дыкастэрыі веравучэння Ватыкана кардынальна мяняе статус прыхільнікаў Брацтва. Калі раней Каталіцкі Касцёл, дзякуючы жэсту добрай волі Папы Францыска, дазваляў вернікам спавядацца ў лефеўрыстаў і прызнаваў сапраўднасць іх шлюбаў, то цяпер гэтыя саступкі ануляваныя.
Вянчанне пары ў мінскай капліцы. 2013 г. Фота: fsspx.by
Святы Пасад афіцыйна абвясціў: сакраманты Пакаяння і Шлюбу, якія здзяйсняюцца святарамі FSSPX, з 2 ліпеня 2026 года з'яўляюцца несапраўднымі. Гэта азначае, што споведзь або вянчанне ў мінскай капліцы на праспекце Дзяржынскага больш не маюць ніякай кананічнай сілы.
Больш за тое, Ватыкан вынес жорсткае папярэджанне: любы свецкі вернік, які свядома і фармальна далучыцца да Брацтва святога Пія X, аўтаматычна трапіць пад адлучэнне ад Царквы як раскольнік.