У Эстоніі ўхвалілі законапраект аб абмежаваннях набыцця нерухомасці беларусамі
Урад Эстоніі ўхваліў законапраект, які абмяжоўвае магчымасць грамадзянам Беларусі і Расіі набываць нерухомасць у краіне, піша выданне ERR.
Сталіца Эстоніі Талін. Фота: Getty Images / R.Tsubin
Згодна з законам, грамадзяне Беларусі і Расіі, якія не маюць у Эстоніі пастаяннага дазволу на жыхарства або права на доўгатэрміновае пражыванне, а таксама кампаніі, звязаныя з гэтымі дзяржавамі ці кантраляваныя імі, не змогуць купляць нерухомасць па ўсёй тэрыторыі Эстоніі.
Улады тлумачаць гэта меркаваннямі бяспекі: яны сцвярджаюць, што нерухомасць можа выкарыстоўвацца для выведкі, збору інфармацыі, падрыхтоўкі дыверсій або іншай дзейнасці, якая можа пагражаць дзяржаве. Таму, на думку эстонскага боку, неабходна закрыць магчымасці, якімі могуць скарыстацца «варожыя дзяржавы».
Абмежаванні будуць тычыцца таксама кампаній, зарэгістраваных у Беларусі і Расіі, а таксама структур у іншых краінах, калі іх канчатковыя ўладальнікі падпадаюць пад гэтыя правілы. Улады хочуць правяраць, хто фактычна кантралюе пакупніка, каб абысці забарону было немагчыма.
Закон не закране ўжо набытую нерухомасць і не будзе мець зваротнай сілы. Таксама ён не тычыцца тых беларусаў і расіян, якія ўжо маюць пастаяннае права на жыхарства ў Эстоніі. Арэнда жылля застанецца дазволенай.
У асобных выпадках урад зможа даваць выключэнні. Чакаецца, што ўплыў гэтага рашэння на рынак нерухомасці будзе невялікі. Паводле разлікаў, абмежаванні маглі б закрануць каля 600 здзелак у год.
Калі закон будзе прыняты эстонскім парламентам, плануецца ўвесці ў дзеянне з 1 студзеня 2027 года.