Цырымонія ўскладання кветак да Кургана Славы прайшла без Лукашэнкі
Прамову замест яго зачытаў Вальфовіч.
Скрыншот трансляцыі
Цырымонія ўскладання кветак і вянкоў да Кургана Славы 3 ліпеня прайшла без Аляксандра Лукашэнкі, які толькі ўначы вярнуўся з М'янмы. Год таму ён асабіста ўдзельнічаў у ёй разам з сынамі, звярнуў увагу Reform.news.
Да Кургана Славы быў ускладзены вянок ад яго імя. Кветкі ўсклалі вышэйшыя службовыя асобы Беларусі. З зваротам да прысутных выступіў дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч. Учора на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню незалежнасці, з прамовай выступаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын.
Вальфовіч назваў Курган Славы сімвалам вызвалення ад фашызму. Ён нагадаў асноўныя вехі Другой сусветнай вайны на тэрыторыі краіны.
«Кажучы пра мінулае і сучаснасць, мы непазбежна думаем пра будучыню. А будучыня Беларусі — гэта наша моладзь. Тая моладзь, якую я бачу сёння каля Кургана Славы, яна нясе эстафету памяці, якую нам перадалі дзяды і прадзеды», — працягнуў ён.
Вальфовіч падкрэсліў, што сёння Беларусь — гэта краіна, якая актыўна ўдзельнічае ў міжнародным парадку дня. Яе пазіцыя гучыць на пляцоўках ШАС і СНД, у дыялогу з партнёрамі ў Азіі, Афрыцы і Лацінскай Амерыцы.
«Візіт нашага кіраўніка дзяржавы, які толькі што, нядаўна завяршыўся, па краінах Паўднёва-Усходняй Азіі, яркае таму пацвярджэнне.
Беларускія ВНУ штогод прымаюць сотні замежных студэнтаў, якія вяртаюцца дадому і распавядаюць праўду пра нашу дзяржаву», — сказаў ён.
Дзяржсакратар Саўбеза таксама адзначыў складаную абстаноўку вакол Беларусі, але, паводле яго слоў, краіна пад кантролем сілавога блока.
«Міжнародная абстаноўка абвостраная да мяжы. Вы бачыце, што адбываецца каля нашых межаў. Нягледзячы на гэта, мы кантралюем сітуацыю. Краіна пад надзейнай абаронай сілавога блока.
Разам з тым незалежнасць патрабуе адзінства і агульнай адказнасці за лёс нашай дзяржавы. Беларусы коштам жыцця цэлага пакалення заплацілі за цяперашні дабрабыт.
Мы абавязаны берагчы тое, што сёння маем. Беражыце мір. Ён крохкі. Беражыце сям’ю, яна фундамент. Беражыце краіну, яна наша. Як кажа кіраўнік дзяржавы, іншай няма і не будзе. Мы самі вызначаем сваю будучыню. Мы нашчадкі пераможцаў, і мы павінны быць годныя гэтага звання», — заключыў ён.