У патрыярха Кірыла з'явіўся новы абаронца ў Еўропе
Балгарыя заявіла, што не падтрымае 21‑шы пакет санкцый Еўрасаюза супраць Расіі, калі з яго не выключаць два імені, паведамляе «Еўрапейская праўда».
Актыўны прыхільнік і натхняльнік захопніцкай вайны патрыярх Маскоўскі Кірыл выпускае голуба міру. Фота: AP Photo/Alexander Zemlianichenko
Прэм'ер-міністр Балгарыі Румен Радзеў заявіў, што ягоная краіна гатовая заблакаваць прыняцце пакета, калі ў санкцыйным спісе застануцца патрыярх Рускай праваслаўнай царквы Кірыл і саўладальнік кампаніі «Лукойл» у Балгарыі Вагіт Алекпераў. Балгарскія ўлады тлумачаць сваю пазіцыю неабходнасцю абароны энергетычных інтарэсаў краіны.
Радзеў адзначыў, што пытанне тычыцца не асобы самога патрыярха, а яго статусу як кіраўніка РПЦ. Таксама ён падкрэсліў, што Балгарыя будзе адстойваць сваю пазіцыю на ўзроўні ЕС.
У папярэднія гады краінай, якая актыўна супраціўлялася ўнясенню ў санкцыйныя спісы актыўнага прахільніка вайны Расіі з Украінай патрыярха Кірыла, была Венгрыя пад кіраўніцтвам шматгадовага прэм'ер-міністра Віктара Орбана. Гэты палітык са сваёй партыяй «Фідэс» разгромна прайграў парламенцкія выбары ў красавіку гэтага года, але тады ж у Балгарыі перамагла прарасійская кааліцыя «Прагрэсіўная Балгарыя», лідар якой, былы прэзідэнт краіны Румен Радзеў, узначаліў новы ўрад.
Раней паведамлялася, што да абмеркавання санкцыйных ініцыятыў далучаліся і іншыя краіны, у тым ліку Італія, якая таксама выказвала занепакоенасць асобнымі пунктамі пакета.
Новы, 21‑ы пакет санкцый ЕС супраць Расіі плануецца ўзгадніць у бліжэйшы час.
Чытайце таксама:
Выбары ў Балгарыі выйграла прарасійская партыя былога прэзідэнта Радзева
«Раскол па лініі ўсход-захад». Ці пераможа на выбарах у Балгарыі «новы Орбан»?