БЕЛ Ł РУС

Беларуска расказала, як яе маці не пусцілі ў Мінску на аўтобус у Варшаву

4.07.2026 / 11:21

Nashaniva.com

Беларуска Ліна цэлы год не бачылася з маці, якая жыве ў Віцебску. Калі жанчыне нарэшце выдалі візу, яна набыла білет у Варшаву, але на аўтобус з Мінска спазнілася на пяць хвілін.

Фота: Onliner.by

Паводле слоў дачкі, аўтобус яшчэ стаяў, аднак кіроўца адмовіўся пусціць пасажырку ў салон. Гісторыя ў Threads сабрала больш за 400 каментарыяў, піша Most.

Ліна жыве ў Варшаве, а яе маці — у Віцебску. Паводле слоў дзяўчыны, яны не бачыліся цэлы год. Пасля таго як маці атрымала візу, сям'я «лічыла дні» да сустрэчы.

Жанчына загадзя спланавала паездку. Яна села ў маршрутку ў Віцебску так, каб да адпраўлення аўтобуса з Мінска заставалася яшчэ гадзіна. Але, як піша Ліна, з-за затораў маршрутка спазнілася.

Паводле слоў дзяўчыны, маці прыбегла да аўтобуса а 20:35. Адпраўленне было прызначана на 20:30, але аўтобус усё яшчэ стаяў. Жанчына зайшла праз пярэднія дзверы, аднак кіроўца адмовіўся ўзяць яе.

— «Пасадка завершана! Месцаў няма! Выйдзіце!» — менавіта так, паводле Ліны, адказаў кіроўца.

Дзяўчына піша, што яе маці засталася адна ноччу ў чужым горадзе — з чамаданам і вялікім расчараваннем.

«Я разумею, што існуюць правілы. Але няўжо ў іх няма месца дабрыні і чалавечнасці?» — напісала беларуска.

Сама Ліна патлумачыла спазненне тым, што ў Беларусі быў скарочаны перадсвяточны працоўны дзень, а наперадзе чакалі тры выходныя. Таму на выездзе з Віцебска быў вельмі інтэнсіўны аўтамабільны рух.

Паводле яе слоў, маршрутка выехала на 40 хвілін пазней за расклад, а астатні час быў страчаны ў заторах на трасе і ў Мінску.

Пазней беларуска паведаміла, што атрымала адказ ад перавозчыка. Паводле яе слоў, у кампаніі растлумачылі, што кіроўца дзейнічаў у адпаведнасці з рэгламентам, а адмова ў пасадцы была звязана са спазненнем пасажыркі і неабходнасцю выконваць устаноўленыя правілы. Таксама, як сцвярджае дзяўчына, кіроўца адмаўляе, што казаў фразу «месцаў няма».

«Прыносім шчырыя прабачэнні», — такі адказ перавозчыка прывяла Ліна.

Пры гэтым дзяўчына адзначыла, што не здымае адказнасці з сябе і разумее неабходнасць выканання правілаў і рэгламентаў.

«Для нас гэтая сітуацыя таксама стала ўрокам. Але для мяне гэта гісторыя не толькі пра правілы. Яна пра стаўленне. Пра эмпатыю», — напісала яна.

Пазней Ліна паведаміла, што яе маці ўсё ж удалося набыць білет на наступны рэйс праз тры гадзіны. У адным з каментарыяў дзяўчына ўдакладніла, што першапачатковы білет быў набыты загадзя — яшчэ 1 чэрвеня.

Гісторыя выклікала актыўнае абмеркаванне. Адны карыстальнікі падтрымалі дзяўчыну і падзяліліся падобнымі выпадкамі з аўтобуснымі перавозчыкамі. Іншыя цікавіліся, ці быў у жанчыны загадзя аплачаны білет, і адзначалі, што пасля завяршэння пасадкі кіроўца мог ужо ўзяць іншага пасажыра на гэтае месца.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула