Качыньскі: Украіна не ўступіць у ЕС, калі не зменіць свой курс
Лідар польскай апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасць» (PiS) у лісце да членаў партыі заклікаў іх блакаваць уступленне Украіны ў Еўрапейскі саюз, пакуль Кіеў не зменіць сваю палітыку адносна «культу Бандэры і іншых злачынцаў, услаўлення УПА і АУН», піша «Украінская праўда».
Фота: Czarek Sokołowski / AP
У лісце, адрасаваным членам PiS, Качыньскі падкрэсліў, што калі партыя пераможа на наступных выбарах, то не дазволіць Украіне ўступіць у Еўрапейскі саюз, пакуль яна не зменіць свой курс.
«Украіна не можа быць прынятая ў Еўрапейскі саюз, пакуль цалкам не адмовіцца ад курсу, які абрала сёння… Польшча, ва ўласных інтарэсах, а таксама ў інтарэсах еўрапейскіх краін і, больш за тое, усёй хрысціянскай цывілізацыі, не можа дапусціць, каб у гэтую супольнасць была прынята ідэалогія бандэрызму — адна з самых злачынных і бесчалавечных ідэалогій, якая сёння фарміруе свядомасць украінскай нацыі», — заявіў палітык.
Ён таксама заклікаў сваіх аднапартыйцаў выкарыстаць усе даступныя сродкі, каб «заблакаваць дзеянні ўрада Дональда Туска, накіраваныя на інтэграцыю Украіны ў Еўрапейскі саюз на прывілеяваных умовах».
Лідар PiS адзначыў, што «ніводная суверэнная дзяржава не можа нават у найменшай ступені мірыцца з генацыднымі дзеяннямі супраць уласнай нацыі».
Палітык таксама заявіў, што Польшча і яе грамадзяне панеслі і працягваюць несці «велізарныя фінансавыя выдаткі на падтрымку ўкраінскай дзяржавы і яе арміі».
«Украінскія падаткаплацельшчыкі без шырокай знешняй падтрымкі, у тым ліку з боку Польшчы, не здольныя ўтрымліваць баяздольную армію і забяспечваць базавае функцыянаванне сваёй дзяржавы», — сцвярджае Качыньскі.
Паводле яго слоў, нягледзячы на гэта, «быў здзейснены неверагодна дзёрзкі і пагардлівы ўчынак: падраздзяленне ўкраінскай арміі, якое, у рэшце рэшт, фінансуецца таксама за кошт польскіх сродкаў, атрымала назву ў гонар людзей, адказных за жорсткія забойствы польскага насельніцтва на Валыні і ва Усходняй Галіччыне».
3 ліпеня міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга падчас сустрэчы ў Варшаве з кіраўніком МЗС Польшчы Радаславам Сікорскім прапанаваў пакет антыкрызісных захадаў для зніжэння напружанасці ў адносінах паміж Украінай і Польшчай.