БЕЛ Ł РУС

Вучыч прывёў у прыклад беларускую роўнасць рэгіёнаў і паставіў Барысаў у адзін шэраг з Мінскам

4.07.2026 / 18:13

Nashaniva.com

Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч назваў Беларусь прыкладам краіны з раўнамерным эканамічным развіццём. Паводле яго слоў, абласныя цэнтры і нават раённы Барысаў фінансуюцца і развіваюцца там нароўні са сталіцай.

Аляксандр Вучыч. Фота: Darko Vojinovic / AP

Як паведамляе партал Radiosarajevo, адпаведную заяву сербскі лідар зрабіў падчас праверкі будаўніцтва новай транспартнай магістралі.

Вучыч падкрэсліў неабходнасць скараціць разрыў ва ўзроўні жыцця паміж сербскімі гарадамі і дасягнуць таго, каб сярэдні заробак ва ўсіх рэгіёнах краіны быў не ніжэйшым за 1000 еўра.

Ён адзначыў, што цяпер у Бялградзе гэты паказчык складае 1380—1400 еўра, у той час як у правінцыі ён значна меншы (напрыклад, у горадзе Сомбар — толькі 864 еўра).

Каб праілюстраваць важнасць аднолькавага развіцця тэрыторый, Вучыч згадаў беларускі вопыт размеркавання рэсурсаў.

«У іх заўсёды былі Брэст, Гродна, Віцебск, Магілёў, Гомель, Барысаў і Мінск — і ўсе яны раўнамерна развітыя. Што атрымліваюць адны, тое ж атрымліваюць і другія. У нас жа Бялград і Нові-Сад моцна адарваліся наперад. Цяпер Ніш паступова даганяе, Крагуевац таксама, але нам трэба яшчэ вельмі шмат працаваць над іншымі гарадамі і акругамі», — працытавала прэзідэнта Сербіі выданне.

Між тым, уяўленне сербскага лідара пра тое, што сталіца і рэгіёны ў Беларусі атрымліваюць аднолькава, абвяргаецца афіцыйнай статыстыкай. Паводле даных Белстата, сярэднямесячная зарплата ў Барысаўскім раёне за 2025 год склала 2 407 рублёў. Нават у самым прыбытковым снежні мінулага года яна дасягнула толькі 2 725 рублёў. У той жа час сярэдні заробак у Мінску ў тым жа месяцы склаў 4 290 рублёў, перавысіўшы барысаўскі паказчык больш чым у паўтара раза.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула