Асудзілі па крыміналцы мінчаніна, які ў трэдсах усумніўся ў існаванні гітлераўскага плана «Ост»
Алег Каспяровіч у свой час вучыўся ў сувораўскім вучылішчы, жыў у Францыі і меў уласны бізнэс.
Алег Каспяровіч. Фота з ягонай старонкі ў Аднакласніках
Алегу Каспяровічу 56 гадоў. У юнацтве ён паспеў павучыцца ў некалькіх мінскіх школах, а таксама ў грузінскім Поці. З 1985 па 1987 год быў курсантам Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, пасля чаго да 1990‑га праходзіў вайсковую службу ў Азербайджане.
У Беларусі Алег доўгі час займаўся прадпрымальніцтвам. У нулявыя кіраваў прыватным прадпрыемствам, якое спецыялізавалася на розных паліграфічных паслугах. Пасля жыў і працаваў у Францыі.
Мяркуючы па профілях Каспяровіча ў Linkedin, як мінімум з 2021 года ён жыў у Мінску. Працаваў у сферы інтэрнэт-маркетынгу ў кампаніях «ЭландБелІмпарт» і «Мотавелаград».
Як сцвярджае БелТА, вясной мінулага года Алег пакінуў у трэдсах пад публікацыямі пра Другую сусветную вайну каментары, дзе паставіў пад сумнеў існаванне гітлераўскага плана «Ост» як этапу генацыду. Ён, паводле БелТА, напісаў, што не змог знайсці ў інтэрнэце арыгінал дакумента, таму палічыў яго выдумкай савецкай партыі.
Неўзабаве мужчыну затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. На допыце ён адзначыў, што ведаў пра жорсткасць нацыстаў ад сваякоў, але лічыў гэта рэакцыяй на партызанскі рух, а свае гістарычныя веды назваў павярхоўнымі. Да суда Каспяровіча трымалі ў СІЗА.
Справу Алега разглядалі ў Мінскім гарадскім судзе. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 130‑2 Крымінальнага кодэкса Беларусі — «адмаўленне генацыду беларускага народа».
Мужчыну прысудзілі хатнюю хімію.
Чытайце таксама:
Аўтазаводца з Міханавічаў кінулі за краты за палітычныя выказванні