БЕЛ Ł РУС

ЗША зноў нанеслі маштабныя ўдары па Іране. Цэны на нафту тут жа падскочылі

8.07.2026 / 07:28

Nashaniva.com

Вайскова-паветраныя сілы ЗША атакавалі шэраг цэляў на поўдні Ірана. Як паведамляюць выданні CNN, удары былі нанесены па пазіцыях у раёне стратэгічнага горада Бендэр-Абас і порта Сірык. Цэнтральнае камандаванне ЗША назвала аперацыю серыяй «магутных удараў» у адказ на атакі Ірана на камерцыйныя судны каля Армузскага праліва і парушэнне ранейшых дамоўленасцяў.

Фота: сацсеткі

Паводле інфармацыі высокапастаўленага амерыканскага чыноўніка, пад удар патрапілі іранскія сістэмы супрацьпаветранай абароны (СПА) і зенітныя ракеты; берагавыя радары і сістэмы назірання; пускавыя платформы супрацькарабельных ракет і беспілотнікаў; аб'екты партовай інфраструктуры.

Іранскае дзяржаўнае тэлебачанне пацвердзіла выбухі на ўсход і захад ад Бендэр-Абаса, аднак таксама заявіла, што пашкоджанні атрымалі гандлёвыя і рыбацкія прычалы ў порце Сірык.

«Пакаранне», а не прапарцыйны адказ

Прадстаўнік амерыканскіх улад у каментары для CNN падкрэсліў, што гэтыя дзеянні Пентагона не з'яўляюцца проста «прапарцыйным адказам». Гэта свядомае «пакаранне» для Ірана, і амерыканскі бок папярэдзіў, што вайсковыя ўдары могуць быць працягнуты.

У CENTCOM выказалі «глыбокую занепакоенасць» тым, што Тэгеран працягвае атакаваць судны і ігнаруе двухбаковы мемарандум, які рэгуляваў рамкі амерыкана-іранскіх перамоў.

Паралельна з ваеннымі дзеяннямі Вашынгтон узмацніў эканамічны ціск. Міністэрства фінансаў ЗША афіцыйна адмяніла санкцыйнае выключэнне, якое дагэтуль дазваляла Ірану экспартаваць нафту. Амерыканскае ведамства патлумачыла, што гэтае паслабленне было ўмоўным, а паколькі Іран не выканаў узятыя на сябе абавязацельствы, яно анулюецца. На гэтым фоне на сусветных рынках ужо пачалі расці цэны на нафту.

Атака ЗША адбылася ў вельмі напружаны момант — у Іране гэтымі днямі праходзяць шматдзённыя маштабныя пахаванні былога лідара Ірана аяталы Алі Хаменеі, які быў забіты ў выніку папярэдніх дзеянняў ЗША.

Цэны на нафту адрэагавалі на абмен ударамі між ЗША і Іранам рэзкім ростам, што зноў дае надзею Маскве, якая залежыць ад нафтагазавых даходаў для напаўнення свайго бюджэту.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула