«Не верыў, што стану ганчаром». Маладыя пінчукі адкрылі майстэрню і адраджаюць сямейную справу
Некалькі гадоў таму Сяргей і Вольга Шэлест з Пінска адкрылі ганчарную майстэрню, вырашыўшы працягнуць сямейную традыцыю. Выданне Times.by завітала да іх у госці, каб убачыць, як у руках майстра бясформенная гліна набывае дасканалыя абрысы, і даведацца, чаму выкладчык фізкультуры аднойчы рызыкнуў ператварыць захапленне з дзяцінства ў прафесію.
Фота: Times.by
Патомны ганчар
Сяргею Шэлесту 31 год, ён родам з вёскі Гарадная ў Столінскім раёне. Знакамітая яна сваім промыслам — з XV стагоддзя была цэнтрам ганчарства на Палессі. У XVI стагоддзі атрымала магдэбургскае права, статус горада і герб.
«Калісьці людзі пасяліліся тут, на гары. Вакол — балоты, непрыдатныя для развядзення агародаў, затое гліны — хоць адбаўляй. Так і пачалі займацца ганчарнай справай. На піку было 500 сем'яў, якія рабілі посуд, — расказвае ён гісторыю сваёй роднай вёскі. — Амаль у кожным двары стаяў горан для абпальвання керамікі».
Фота: Times.by
Стагоддзямі ганчарнае рамяство перадавалася тут з пакалення ў пакаленне. Прадзед Сяргея таксама быў ганчаром, усё жыццё карміў промыслам сям'ю. Навучыў гэтаму і ягонага дзядулю.
«Усё змянілася, калі ў пасляваенны час на змену традыцыйнаму гарадэнскаму посуду прыйшоў заводскі, з глазурамі і роспісамі, — тлумачыць Сяргей. — За гліняныя гаршкі ўжо нельга было пражыць. Мужчыны сталі з'язджаць зарабляць на будоўлі. Мой дзядуля ў тым ліку, хоць і ўмеў, але жыццё сваё з ганчарствам не звязаў. Аднак, калі яму было ўжо пад восемдзесят, заўсёды з ахвотай садзіўся за ганчарны круг, які мы прывозілі з сабой».
Адзін з гаршкоў дзядулі, традыцыйны гарадэнскі жоўтага колеру, Сяргей і Вольга захоўваюць як сямейную каштоўнасць — у іх майстэрні ён стаіць на самым бачным месцы.
Фота: Times.by
Не багі гаршкі абпальваюць
Калі Сяргею было 9 гадоў, класная кіраўніца прывяла іх на экскурсію ў мясцовы Цэнтр ганчарства, створаны ў 2003 годзе для захавання старажытнага промыслу.
Фота: Times.by
«Яго дырэктар Алімпіяда Леанавец тады і запрасіла нас у гурток. Мы з братам Іванам пайшлі проста паспрабаваць «паганчарыць». Спачатку захапіліся, а потым, як у многіх падлеткаў, цікавасць перыядычна згасала, — смяецца Сяргей. — Але дзядуля і мама казалі, што ў жыцці гэта можа спатрэбіцца. А мы тады ім не верылі».
Фота: Times.by
Першымі настаўнікамі сталі патомныя мясцовыя ганчары Арсень Шэлест і Аўрам Басавец. Навучылі цэнтраваць, выводзіць цыліндр, з якога на крузе потым можна зрабіць любую форму. Пачыналі з невялікіх вырабаў.
Цікавасць да ганчарства ўмацоўвалі міжнародныя пленэры, на якія ў Гарадную раз у два гады прыязджалі славутыя майстры з розных краін і дзе абменьваліся вопытам. Сяргей браў у іх актыўны ўдзел, камунікаваў, даведваўся пра прафесійныя таямніцы, разумеў, куды трэба расці, спрабаваў сам працаваць з вялікімі аб'ёмамі. Аднак пра ганчарства як спосаб зарабляць тады ўсур'ёз не задумваўся, разглядаў яго хутчэй як хобі.
Першы бізнэс-план
Пасля заканчэння школы Сяргей паступіў у пінскую ВНУ, вучыўся на выкладчыка фізкультуры. У гэты ж час пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Вольгай, якая падтрымлівала яго цікавасць да ганчарнай справы, але сама ёй не захаплялася.
Фота: Times.by
Ідэяй заняцца гэтым рамёствам па-сапраўднаму Сяргей загарэўся ў арміі. Да гэтага часу ён захоўвае тры невялікія фатаграфіі Вольгі, на звароце якіх тады і запісаў свой першы бізнэс-план: як арганізаваць, што і дзе купіць. Тут жа, не адкладаючы, у адпачынку набыў свой першы прафесійны ганчарны круг, патраціўшы на яго большую частку ашчаджэнняў.
Вярнуўшыся з арміі, Сяргей ажаніўся і стаў працаваць па спецыяльнасці ў каледжы, а па вечарах круціў круг у сваё задавальненне на балкончыку здымнай кватэры. Посуд рабіў спачатку для сябе, а для абпалу яго вазілі ў Гарадную, дзе ягоны бацька з 200‑літровай бочкі зрабіў печ.
Фота: Times.by
«Першы наш продаж быў на Масленіцу ў 2018 годзе, — узгадвае суразмоўца. — Прадалі тады ўсяго некалькі кубкаў і гаршкоў, а людзі здзіўляліся, даведваючыся, што мы з Пінска, бо сваіх керамістаў тут тады не было».
Замест старога дома — новая майстэрня
Вольгу з часам таксама ўсё больш зацягвала кераміка і працэс яе стварэння, яна стала дапамагаць мужу. Некалькі гадоў свае вырабы яны прадавалі на пінскай пешаходцы, мясцовых кірмашах, часам выязджалі на выставы майстроў у іншыя гарады. Сумяшчалі «ганчарку» з асноўнай працай, пераехалі ў сваё жыллё, нарадзілася першая дачка.
Тры гады таму, бачачы вялікую цікавасць да посуду ручной работы, прынялі канчатковае рашэнне — займацца толькі ганчарствам і адкрыць уласную майстэрню.
У спадчыну ад дзядулі Вользе дастаўся ўчастак у Пінску. Старую струхлелую хатку знеслі, а на яе месцы літаральна за два месяцы ўзвялі майстэрню. Цяпер тут ёсць усё, што неабходна для камфортнай працы майстра, — ганчарны круг, стэлажы пад столлю для сушкі вырабаў, стэлажы з гатовым посудам, печ для абпалу.
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Праца без выхадных
Практычна ўвесь дзень Сяргей праводзіць тут за ганчарным кругам. Не спыняе працу нават на час сустрэчы з журналістамі — адна за адной з круга адпраўляюцца на сушку талеркі ідэальнага памеру.
Вольга — памочнік, партнёр і крэатыўны менеджар. Малодшай дачцэ зараз усяго паўгода, таму часу для ўласнай творчасці можа выкраіць зусім крыху. Яе асноўныя інструменты за працоўным сталом — качалка для раскаткі гліны і стэка. З загатовак яна ўручную лепіць фантазійныя кубкі і стравы, у тым ліку і з папулярнымі сёння натуральнымі матывамі — у выглядзе лімонаў, баклажанаў, лісця.
Фота: Times.by
«Я працую па класіцы, кручу цыліндрычныя формы для збанкоў, гаршкоў, талерак, кубкаў, — кажа Сяргей. — А Воля пастаянна прыдумляе новыя фішкі — то кубкі з матылькамі з белай гліны, то розныя колерам глазураваныя стравы, а цяпер яшчэ і свечкі».
Гатовыя вырабы маюць вельмі прыгожы насычаны карычнева-тэракотавы колер. Для чырвонай гліны з Радашковічаў, якую ў асноўным выкарыстоўвае Сяргей, добра падыходзіць традыцыйны спосаб — малачэнне — высушаны выраб апускаюць у малако. Яно закрывае поры і, згараючы пры абпале, надае такое эфектнае адценне паверхні. Потым яе заціраюць для стварэння «эфекту даўніны», а на фінальным этапе націраюць пчаліным воскам.
Фота: Times.by
Па ініцыятыве жонкі з нядаўняга часу да малачэння дадалі новую тэхніку: частку вырабаў сталі пакрываць знутры глазурай — гэта і прыгожа, і практычна. Глазуры выкарыстоўваюць толькі безсвінцовыя, гіпаалергенныя. Таму ўвесь керамічны посуд бяспечны, падыходзіць і для мікрахвалеўкі, і для духоўкі.
«Вось і атрымліваецца — у будні кручу, у суботу і нядзелю прадаю на пешаходцы, — кажа Сяргей. — Выхадных у мяне няма».
Посуд для душы
На стварэнне аднаго кубка ў Сяргея ідзе каля 10—15 хвілін. На талерку — столькі ж. За дзень можна вырабіць каля 20—30 вырабаў, якія затым яшчэ трэба высушыць і абпаліць у печы. На ўсе працэсы ў сярэднім патрабуецца адзін тыдзень.
«На заводзе, напрыклад, ганчар робіць па 300 літровых гаршкоў за змену. Мы не гонімся за такімі аб'ёмамі», — падкрэслівае Сяргей.
Фота: Times.by
Заказы ў майстэрню паступаюць самыя розныя, у тым ліку і на складаныя вырабы. Напрыклад, чайнікі ці бутэлькі, у якіх усе часткі лепяцца асобна, або на кубак, каб дакладна такі ж, як той, што разбіўся. Стварыць такі па ўзоры для прафесійнага ганчара — не праблема.
Сяргей і Вольга кажуць, што і цяпер высокі попыт у купцоў на традыцыйны беларускі збан. «Крынка», «глечык» — іх купляюць, каб захоўваць у іх напоі, малако, ваду. У заводскай упакоўцы, вядома, прасцей — але гэты посуд для душы. Заказваюць яго часцей людзі старэйшага ўзросту, але і ў маладых таксама папулярныя гаршкі для запякання, кубкі са сподкамі, блінніцы, стравы з вечкамі.
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Фота: Times.by
У турыстаў вялікім попытам карыстаецца сувенірная прадукцыя. У модзе нестандартныя, «крывыя» формы, з умяцінамі.
«Нас па руках раней білі за асіметрыю, — усміхаецца Сяргей. — А зараз гэта трэнд».
Прыязджаюць адусюль
Праводзіць майстар-класы па ганчарстве Сяргей і Вольга першапачаткова не планавалі. Ініцыятыву сталі праяўляць самі купцы, якія жадалі пасядзець за ганчарным кругам і паспрабаваць штосьці зрабіць з натуральнага матэрыялу ўласнымі рукамі.
Зараз у майстэрню прыязджаюць госці з розных гарадоў Беларусі, бывалі тут і амерыканцы, іспанцы, немцы, англічане.
«На майстар-класе за гадзіну робім 7—8 вырабаў, — расказвае Сяргей. — Я дапамагаю, калі штосьці не атрымліваецца — мае рукі ўсё выправяць. Усе сыходзяць задаволенымі. А пасля забіраюць кубкі і талеркі і вельмі імі ганарацца».
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Старэйшая дачка, пяцігадовая Насця, таксама нярэдка прыходзіць у майстэрню і садзіцца побач з бацькам за ганчарны круг. Ці стане ў будучыні працягваць сямейную справу, пакажа час. Керамікай сям'я Шэлест займаецца ўжо восем гадоў. Пасля адкрыцця майстэрні асаблівых планаў на будучыню яны пакуль не будуюць.
«Зараз мы ўдзячныя лёсу за тое, што ёсць. Большага і не просім», — усміхаючыся, кажа Сяргей.
Чытайце таксама:
«Рухаемся ў бок чорна-задымленай керамікі». У Свіслачы адраджаюць тэхналогію старажытнага ганчарства
«70 заказаў на дзень». Беларуска выпякае ў Варшаве велікодныя булкі, якія здзіўляюць палякаў
Ісці па вадзе. У вёсцы плытагонаў на Іслачы яшчэ памятаюць зніклае рамяство