БЕЛ Ł РУС

Труну з целам аяталы Хаменеі перавезлі з Ірана ў Ірак. З ім развітваюцца мясцовыя шыіты

8.07.2026 / 20:42

Станіслаў Покуць

Труну з целам аяталы Алі Хаменеі перавезлі ў Ірак, дзе прайшлі жалобныя мерапрыемствы з удзелам тысяч людзей. Пасля некалькіх дзён развітання ў Іране труна былога вярхоўнага лідара краіны была дастаўлена ў Наджаф. У мясцовым аэрапорце яе сустрэлі прадстаўнікі іракскіх уладаў і шыіцкія рэлігійныя дзеячы. На цырымонію ў суседнюю краіну прыехаў і прэзідэнт Ірана Масуд Пезешкіян, піша Reuters.

Фота: AP Photo/Anmar Khalil

Падчас жалобнай працэсіі аўтамабіль з труной праехаў па вуліцах горада Наджаф, дзе сабраліся вялікія натоўпы людзей. Удзельнікі трымалі партрэты Хаменеі, дзяржаўныя сцягі Ірана і Ірака, а таксама сцягі праіранскіх узброеных фарміраванняў. Частка прысутных скандавала антыамерыканскія і антыізраільскія лозунгі.

Пасля Наджафа працэсія павінна накіравацца ў горад Кербела, а затым труну вернуць у Іран. Пахаванне запланавана ў Мешхедзе 9 ліпеня.

Жалобная цырымонія ў Іране пачалася 4 ліпеня. Раней паведамлялася, што развітацца з Хаменеі прыйшлі сотні тысяч людзей.

Алі Хаменеі ўзначальваў Іран на працягу 37 гадоў і загінуў 28 лютага ў першы дзень вайны паміж Іранам і амерыкана-ізраільскімі сіламі.

Мусульмане-шыіты складаюць каля 60-65% насельніцтва Ірака. Гэта дэмаграфічная большасць краіны, і менавіта ў Іраку знаходзяцца галоўныя шыіцкія святыні свету — гарады Наджаф і Кербела.

Пасля зрынання суніцкага рэжыму Садама Хусейна ў 2003 годзе шыіты прыйшлі да ўлады ў Багдадзе, што цалкам змяніла карту рэгіянальнага ўплыву і адкрыла дзверы для цеснага збліжэння гэтай краіны з шыіцкім Іранам.

Частка іракскага грамадства ставілася да аяталы Хаменеі з глыбокай павагай. Ён з'яўляўся для гэтых людзей рэлігійным аўтарытэтам вышэйшага рангу (марджа ат-таклід). Значная доля вернікаў у Іраку свядома выбірае яго ў якасці свайго духоўнага кіраўніка.

Чытайце таксама:

Новы вярхоўны лідар Ірана Маджтаба Хаменеі не з’явіўся на пахаванне свайго забітага бацькі

У Тэгеране праходзіць развітанне з Алі Хаменеі: Мядзведзеў пагражае блакадай праліваў, а новы лідар Ірана хаваецца ў бункеры

Ігар Сергеенка прыляцеў у Іран на пахаванне аяталы Хаменеі

Пахаванне Алі Хаменеі адбудзецца 9 ліпеня

Каментары да артыкула