Алёна Ланская пахвалілася, што даўно адмовілася ад мяса, бо любіць жывёл. Спявачцы прыпомнілі яе шубу
Спявачка Алёна Ланская падзялілася ў сацсетках, што вось ужо як сем гадоў не есць мяса праз сваю любоў да жывёл. Але замест ухвальных каментароў сутыкнулася з абвінавачваннем у крывадушнасці, бо не адмовілася ад натуральных футраў у сваім гардэробе.
«Якая д'ябальская крывадушнасць. Мёртвыя шкуры — гэта не пра жывёл?» — запытала ў Ланской блогерка Ганна Бонд, далучыўшы фотаздымак 2024 года, на якім праўладная артыстка ззяе ў футры.
Вегетарыянка ў сваю чаргу пачала апраўдвацца тым, што футра купіла яшчэ да таго, як адмовілася ад мяса. Але ў каментарах ёй даводзяць, што ўсё ж любоў да жывёл ніяк не клеіцца з «трупамі на плячах».
Алёна Ланская пазіруе ў футры для «Камсамольскай праўды». Мяркуючы па здымках спявачкі, яно не адзінае ў яе гардэробе
Па выніку Ланская адчула сябе незаслужана абражанай:
«Напісала бяскрыўдную інфу пра тое, што люблю жывёл і не ем мяса сем гадоў — атрымала ўсеагульнае ганьбаванне. Ці ёсць шанцы выйсці з сістэмы? Што не так з гэтым светам?».
«Пакуль не спаліш футра з тушак мёртвых жывёл, шанцаў няма. І ты глыбока ў сістэме. Калі выйдзеш з яе, цябе будзе чакаць крах», — не адступае Ганна Бонд.