БЕЛ Ł РУС

Цэны на малочнае ў свеце зніжаюцца

9.07.2026 / 17:22

Ідаля Салавей

На сусветным рынку малочнай прадукцыі адбылося самае рэзкае падзенне цэн за апошнія два гады. Па выніках чарговых таргоў Global Dairy Trade (GDT) індэкс знізіўся на 4,9%. Аднак ёсць і выключэнні.

Беларускі малаказавод. Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

На міжнароднай платформе Global Dairy Trade (GDT), якая лічыцца галоўным арыенцірам для сусветнага малочнага рынку, сярэдні індэкс цэн знізіўся на 4,9%. Гэта стала самым рэзкім аднаразовым падзеннем за апошнія два гады. Пры гэтым актыўнасць купцоў не зменшылася: аб'ём таргоў вырас на 2,4% і склаў 26,3 тысячы тон прадукцыі, а сярэдняўзважаная цана ўсіх прададзеных кантрактаў апусцілася да 3793 долараў за тону.

У мінусе апынуліся амаль усе асноўныя віды малочнай прадукцыі. Як паведамляе MilkNews, найбольш патаннела сухое абястлушчанае малако — яго сярэдняя цана знізілася на 7%. Асабліва моцна патаннелі кантракты з пастаўкай у лістападзе — на 10,6%. Але гэты прадукт усё яшчэ каштуе даражэй, чым год таму: у параўнанні з пачаткам ліпеня 2025 года яго цана вышэйшая на 15,3%.

Сухое цэльнае малако, галоўны тавар таргоў GDT, патаннела на 4,4%. У гадавым вымярэнні зніжэнне склала 11,2%. Цэны знізіліся для ўсіх тэрмінаў паставак, найбольш — для кастрычніцкіх кантрактаў.

У сярэднім на 5% патаннела і масла. У параўнанні з мінулым годам яго кошт ніжэйшы амаль на трэць (-29,1%).
Абязводжаны малочны тлушч таксама страціў у кошце — 3,9%, а сыр страціў 12,3% і цяпер каштуе на 19,8% менш, чым год таму.

На агульным фоне былі і выключэнні. Выраслі цэны на мацарэлу (+3,8%), сухія знятлушчаныя вяршкі (+8,2%) і лактозу (+3,6%).

Разам з тым сам індэкс GDT цяпер прыкладна на 10% ніжэйшы за ўзровень аналагічнага перыяду мінулага года. Аналітыкі звязваюць зніжэнне цэн з ростам вытворчасці малака ў асноўных краінах-экспарцёрках на фоне адносна слабога попыту. 

З сярэдзіны сакавіка індэкс GDT ужо страціў каля 12%, прычым шэсць з васьмі апошніх таргоў завяршыліся зніжэннем цэн. Калі такая тэндэнцыя захаваецца, гэта можа паўплываць на прагнозы закупных цэн на малако для фермераў у сезоне 2027 года.

Разам з тым эксперты адзначаюць, што цяперашні ціск на цэны можа быць часовым. Спякота ў Еўропе і развіццё з'явы Эль-Ніньё ў Ціхім акіяне могуць прывесці да скарачэння вытворчасці малака ў шэрагу рэгіёнаў і тым самым аслабіць лішак прапановы на сусветным рынку.

На сёння ў «Едастаўцы» масла «Стары Менск» прадаюць па 16,25 рублёў у пераліку за кілаграм. Кефір у бутэльцы ці тэтрапаку, тлустасцю 2,5%, прадаецца ад 2,50 рубля за літр.

Чытайце таксама:

Чым насамрэч «разбаўляюць» малако на заводзе і як дабіваюцца патрэбнай тлустасці масла

Чаму малочныя прадпрыемствы адмовіліся ад шкляной тары?

Блогер паскардзіўся ў тыктоку на якасць малака — яго судзілі

Каментары да артыкула