БЕЛ Ł РУС

Стала вядома, па якіх правілах будуць масава працаўладкоўваць узбекаў у Беларусі

9.07.2026 / 21:48

Nashaniva.com

Беларусь і Узбекістан падпісалі міжурадавае пагадненне аб арганізаваным наборы і працаўладкаванні грамадзян Узбекістана для часовай працы ў Беларусі. Дакумент падпісалі міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Андрэй Лабовіч і міністр замежных спраў Узбекістана Бахціёр Саідаў, паведаміла прэс-служба Мінпрацы.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: hronika.info

Пагадненне прадугледжвае стварэнне афіцыйнага механізму, які будзе рэгуляваць прыцягненне работнікаў з Узбекістана і дапамагаць беларускім наймальнікам закрываць дэфіцыт кадраў.

Паводле новага парадку, узбекскі бок будзе займацца падборам кандыдатаў у адпаведнасці з патрабаваннямі беларускіх працадаўцаў. Пры адборы будуць улічвацца прафесійная кваліфікацыя, досвед працы, стан здароўя і іншыя неабходныя ўмовы. Пасля ўзгаднення кандыдатур бакі будуць загадзя ўзгадняць праекты працоўных дамоў яшчэ да прыезду работнікаў у Беларусь.

Таксама Агенцтва міграцыі пры Кабінеце міністраў Узбекістана бярэцца арганізаваць перадвыязную падрыхтоўку. Будучых работнікаў азнаёмяць з умовамі працы і пражывання, беларускім заканадаўствам, правіламі знаходжання ў краіне, а таксама з яе культурай і традыцыямі.

У выпадку, калі грамадзянін Узбекістана парушыць заканадаўства Беларусі або не будзе адпавядаць кваліфікацыйным патрабаванням наймальніка, яго вяртанне на радзіму будзе арганізавана за кошт узбекскага боку.

Беларускія наймальнікі, у сваю чаргу, будуць заключаць дамовы з упаўнаважанай арганізацыяй, узгадняць кандыдатуры работнікаў, афармляць неабходныя дазволы і падпісваць з імі працоўныя дамовы.

У беларускім Міністэрстве працы адзначаюць, што новы механізм павінен зрабіць прыцягненне замежных работнікаў больш празрыстым, арганізаваным і зручным як для працадаўцаў, так і для саміх працоўных мігрантаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула