БЕЛ Ł РУС

Недасекаў: «Кароны ў мяне няма. А ў Ціманоўскай яна была яшчэ ў вучэльні»

10.07.2026 / 12:06

Вінцэсь Клепачэня

У інтэрв'ю міністру культуры Марату Маркаву бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Токіа Максім Недасекаў успомніў часы вучобы ў Рэспубліканскай вучэльні алімпійскага рэзерву і заявіў, што Крысціна Ціманоўская яшчэ тады нібыта з пагардай ставілася да іншых спартсменаў.

Максім Недасекаў і Крысціна Ціманоўская. Фота: скрын відэа АНТ; сацсеткі Ціманоўскай

Максім Недасекаў — бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Токіа і ўладальнік нацыянальнага рэкорду ў скачках у вышыню — 2,37 метра. Пасля падзей 2020 года ён адкрыта падтрымаў Аляксандра Лукашэнку, падпісаў праўладны ліст спартсменаў і пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну выступаў у падтрымку пазіцыі афіцыйнага Мінска.

У новым інтэрв'ю прапагандысту Марату Маркаву лёгкаатлет рэзка выказаўся пра беларускую спрынтарку Крысціну Ціманоўскую, якая цяпер выступае за зборную Польшчы.

Падчас інтэрв'ю Маркаў нагадаў Недасекаву яго ранейшыя словы пра тое, што ў дзяцінстве ён хадзіў разгружаць мяшкі з цэментам, каб зарабіць грошай. Прапагандыст пацікавіўся, ці змянілася яго стаўленне «да грошай і стабільнасці» пасля атрымання алімпійскага медаля і статусу.

На гэта Недасекаў адказаў, што нічога не змянілася.

«Я да гэтай пары магу паехаць дапамагчы сябрам на будоўлі, пацягаць нешта, нешта зрабіць. Мне ўвогуле без розніцы».

«То-бок кароны няма?» — спытаў Маркаў. Гэтае пытанне падштурхнула Недасекава да нечаканага параўнання.

«Ніякай няма. Я не люблю такіх людзей. У нас была ў лёгкай атлетыцы такая дзяўчынка з каронай. Гэта Крысціна Ціманоўская. У яе гэтая карона была яшчэ тады, калі яна была маленькай.

Мы вучыліся ў Рэспубліканскай вучэльні алімпійскага рэзерву. Калі прыйшлі на трэніроўку, яна тады выканала нарматыў майстра спорту. Не ведаю, колькі ёй было гадоў. У мяне быў першы дарослы разрад. У іншых таксама быў першы дарослы. І яна сказала такую фразу: «Усе, хто ніжэй за кандыдата ў майстры спорту, не маюць права на мяне глядзець». Ёй было, можа, гадоў 17».

«То-бок чэлядзь», — уставіў свае пяць капеек Маркаў.

Недасекаў працягнуў:

«Мы заўсёды гаварылі: навошта вы дапамагаеце гэтаму чалавеку, які вось так… Але кіраўніцтва бачыла ўсё трошкі па-іншаму. Нас часта ніхто не хоча пачуць. Хаця мы гаворым відавочныя, самыя простыя рэчы, на якія трэба звяртаць увагу».

«Ну так, вы маеце рацыю», — няўпэўнена адказаў Маркаў, задумаўшыся пра нешта.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула