БЕЛ Ł РУС

У Беларусі ўпершыню сталі выкарыстоўваць беспілотныя грузавікі

10.07.2026 / 17:37

Nashaniva.com

У Беларусі ўпершыню пачалі выкарыстоўваць аўтаномныя грузавыя электрамабілі з элементамі штучнага інтэлекту для перавозкі тавараў. Новая сістэма запрацавала ў размеркавальным цэнтры «Прылессе» пад Мінскам, які абслугоўвае гандлёвую сетку «Дабраном», у склад якой уваходзяць крамы «Капеечка», «Маяк» і супермаркеты «Дабраном», піша выданне «Наш портал».

На тэрыторыі лагістычнага комплексу ўжо працуюць 11 беспілотных электрагрузавікоў. Яны перавозяць рэальныя тавары паміж складамі і зонамі захоўвання без удзелу кіроўцаў. Машыны працуюць у некалькі змен, сем дзён на тыдзень.

Замест чалавека кіраванне ажыццяўляе сістэма штучнага інтэлекту, якая выкарыстоўвае камеры, радары і лідары для аналізу навакольнай прасторы. Аўтамабілі здольныя распазнаваць людзей, тэхніку і іншыя перашкоды, прагназаваць іх рух, выбіраць найбольш бяспечны маршрут і прыстасоўвацца да розных умоў, напрыклад да змены асвятлення або стану дарожнага пакрыцця.

Паводле распрацоўшчыка сістэмы — кампаніі «ЭваКарга», праграмнае забеспячэнне было створана на аснове вопыту дзясяткаў падобных праектаў. У кампаніі сцвярджаюць, што за ўвесь час эксплуатацыі такіх беспілотнікаў не было зафіксавана аварый або іншых сур'ёзных здарэнняў.

Пакуль беспілотныя грузавікі працуюць толькі ў межах лагістычнага цэнтра. Яны перавозяць шырокі асартымент прадукцыі — ад малочных вырабаў і напояў да бытавой хіміі і сезонных тавараў.

У «Дабраноме» адзначаюць, што выкарыстанне новай тэхнікі ўжо дазволіла прыкладна на 35 працэнтаў скараціць эксплуатацыйныя выдаткі. Гэта стала магчымым дзякуючы больш дакладнаму планаванню маршрутаў, зніжэнню выдаткаў на паліва за кошт электрапрывада, а таксама таму, што машыны могуць працаваць без перапынкаў і не залежаць ад чалавечага фактару.

Пры гэтым у кампаніі падкрэсліваюць, што аўтаматызацыя не азначае скарачэння супрацоўнікаў. Іх праца змяняецца: цяпер адзін аператар можа дыстанцыйна кантраляваць адразу 10—12 беспілотных машын, сачыць за ўзроўнем зараду акумулятараў, тэхнічным станам транспарту і пры неабходнасці карэктаваць лагістычныя маршруты. Такім чынам, работнікі пераходзяць ад непасрэднага кіравання транспартам да функцый дыспетчараў і аналітыкаў.

У перспектыве кампанія плануе пашырыць выкарыстанне беспілотнікаў.

Калі эксплуатацыя на тэрыторыі лагістычнага цэнтра пацвердзіць сваю эфектыўнасць, наступным этапам можа стаць арганізацыя аўтаномных перавозак паміж размеркавальнымі цэнтрамі і крамамі ў Мінскім рэгіёне.

Чытайце таксама:

У Мінску адкрылі флагманскі супермаркет «Дабраном»

У Мінск-Свеце адкрылася крама, у якой можна замовіць піцу ў касіра. Зробяць за тры хвіліны

«Дабраном» запусціў сваю сетку аўталавак

МАРГ узяўся за «Дабраном» — у палове «Маякоў» знайшлі пратэрміноўку

Каментары да артыкула