БЕЛ Ł РУС

Марына Золатава: У палітзняволенай Таццяны Колас выявілі рак. Гэта не проста дрэнная навіна, гэта жудасная навіна

11.07.2026 / 09:15

Nashaniva.com

Галоўная рэдактарка Tut.by, экс-палітзняволеная Марына Золатава ў сваім тэлеграм-канале піша пра зняволеную Таццяну Колас, а таксама пра іншых жанчын, якія сутыкаюцца з хваробамі ў калоніі.

Таццяна Колас

«У палітзняволенай Таццяны Колас выявілі рак. Гэта не проста дрэнная навіна. Гэта жудасная навіна, бо яна знаходзіцца ў калоніі.

Шчыра скажу: асабіста мне амаль не даводзілася сутыкацца з турэмнай медыцынай. Але за той час, пакуль я была ў калоніі (а правяла я там два гады і чатыры месяцы), прынамсі дзве жанчыны памерлі ад раку. Адна — старэйшая, з майго атрада, асуджаная па эканамічным артыкуле. Другая — маладзейшая, па артыкуле 328. Зрэшты, артыкул не мае ніякага значэння. Важна тое, што гэта былі людзі, жанчыны.

У палітзняволенай Ганны Кандраценкі рак таксама дыягнаставалі ўжо ў калоніі. Яе нават вазілі на лячэнне ў анкалагічны дыспансер у Гомелі. Яна памерла праз сем месяцаў пасля вызвалення.

І я думаю: а на волі ў іх было б больш шанцаў? Безумоўна. Прынамсі, іх жыццё і здароўе ў значна большай ступені залежалі б ад іх саміх, а не ад машыны, канвою, наяўнасці месцаў у «той адзінай бальніцы», графіка «таго адзінага спецыяліста», які летам цалкам можа быць у адпачынку, доступу да лекаў і шмат чаго іншага.

Для абследавання і лячэння Таццяну Колас павінны перавесці ў бальніцу, але зрабіць гэта чамусьці плануюць толькі праз некалькі месяцаў.

Усе вы, вядома, памятаеце, як у 2020 годзе Вераніка Цапкала расказвала пра сваю маці. У дачыненні да яе распачалі крымінальную справу, а пазней у яе выявілі рак. Вераніка, наведаўшы маці ў бальніцы, была шакаваная: тая была прыкаваная кайданкамі да батарэі.

Тады я думала: не можа быць. Але цяпер магу сказаць — нават не сумнявайцеся.

Асуджаных, якіх з калоніі прывозяць у гарадскія бальніцы, заўсёды прыкоўваюць кайданкамі да ложка. Побач з імі ўвесь час знаходзіцца канвой.

І яшчэ адна рэч застаецца для мяне па-за межамі разумення. Чаму ў тых трох выпадках, пра якія я згадала, жанчынам не змянілі від пакарання? Чаму іх нельга было адпусціць дадому?

Я жадаю Таццяне здароўя і сіл. І як мага хутчэй сустрэцца з роднымі. Веру, што менавіта тады яна абавязкова пойдзе на папраўку», — напісала Марына Золатава.

***

Таццяна Колас працавала ў Мінгарвыканкаме і мела доступ да асабістых даных сілавікоў, якія потым перадала тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».

У чэрвені 2022 года сілавікі паведамілі, што жанчына нібыта самастойна прыйшла «здавацца» ў ГУБАЗіК. Да суда Таццяну пакінулі на волі, пад хатнім арыштам.

У верасні 2022 года яе асудзілі да шасці з паловай гадоў паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула