БЕЛ Ł РУС

У Расіі беларус на фуры так урэзаўся ў аўтазак, што арыштант унутры страціў прытомнасць

11.07.2026 / 10:37

Nashaniva.com

Пацярпелы атрымае $2000 кампенсацыі за пашкоджанні твару.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Lookby.media

У верасні 2023 года на трасе побач з расійскім Іжэўскам адбылася незвычайная аварыя. Фура, якой кіраваў грамадзянін Беларусі Уладзімір Федасееў, вылецела на сустрэчную паласу, дзе ў той момант ехаў аўтазак.

У кузаве аўтазака перавозілі арыштанта Сяргея Шутава. Яго транспартавалі з ІЧУ Іжэўска ў СІЗА-2 Глазава. Натуральна, Шутаў быў непрышпілены — рамянёў бяспекі ў аўтазаках проста няма. Ад удару ён страціў прытомнасць, атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, пераломы касцей носа, рэзаную рану пальца і іншыя пашкоджанні.

Беларускаму дальнабойшчыку выпісалі за парушэнне правіл дарожнага руху штраф прыкладна на $30, але арыштант Шутаў вырашыў атрымаць для сябе кампенсацыю.

Яму было непрынцыпова, з каго спаганяць грошы — расійскай паліцыі, Следчага камітэта, кампаніі-перавозчыка ці самога кіроўцы Федасеева. Агулам ён папрасіў каля $13 тысяч маральнай кампенсацыі за шнары на твары, для выдалення якіх патрэбна аперацыя.

У лютым 2026 года Кастрычніцкі раённы суд Іжэўска вырашыў, што Шутаў атрымае кампенсацыю, але ўсяго $2000. Грошы спагоняць з уласніка фуры і з паліцыі як уласніка аўтазака.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула