БЕЛ Ł РУС

У Вене за 776 тысяч еўра нахілілі помнік мэру. Яго антысемітызм натхняў Гітлера

12.07.2026 / 23:18

Ф. Раўбіч

У сталіцы Аўстрыі завяршыўся шматгадовы канфлікт вакол манумента былому мэру Вены Карлу Люгеру. Замест таго, каб дэмантаваць помнік палітыку-антысеміту, улады ператварылі яго ў мастацкі аб'ект — нахілілі на 3,5 градуса. Працы афіцыйна завяршыліся ў чэрвені 2026 года і абышліся значна даражэй, чым планавалася.

Нахілены помнік Карлу Люгеру ў Вене. Фота: koer.or.at

Карл Люгер кіраваў Венай з 1897 па 1910 год. Ён лічыцца адным з самых папулярных, але і самых спрэчных палітыкаў у гісторыі горада. З аднаго боку, ён мадэрнізаваў Вену: пры ім ствараліся муніцыпальныя газавыя і водныя сеткі, бальніцы, зялёны пояс вакол горада. З іншага — ён быў папулістам і заснавальнікам палітычнага антысемітызму ў Аўстрыі.

Люгер называў мігрантаў «яўрэямі-жабракамі», крытычных журналістаў — «чарнільнымі яўрэямі», і яму прыпісваюць фразу «Хто тут яўрэй, вырашаю я!» Менавіта яго рыторыка і метады сталі прыкладам для маладога Адольфа Гітлера, які жыў тады ў Вене і пазней называў Люгера адным з найвялікшых бургамістраў.

Антысеміцкая атмасфера ў горадзе пры Люгеры таксама паўплывала на Тэадора Герцля і фарміраванне ідэалогіі сіянізму.

Помнік Люгеру да рэканструкцыі. Фота: Wikimedia Commons

Манумент — 4,5‑метровая бронзавая статуя на масіўным мармуровым пастаменце з алегарычнымі фігурамі — быў усталяваны ў 1926 годзе. Яго аўтар, скульптар Ёзэф Мюльнер, пазней стаў адкрытым членам нацыянал-сацыялістычнай партыі (НСДАП).

Помнік Люгеру, абліты фарбай і распісаны словам Schande («Ганьба»). Фота: Wikimedia Commons

У 2020 годзе помнік Люгеру стаў эпіцэнтрам супрацьстаяння. Актывісты неаднаразова аблівалі яго фарбай і распісвалі пастамент словамі «Ганьба» (Schande) і «Нацыст». Габрэйскія студэнцкія арганізацыі, мясцовая суполка і людзі, якія перажылі Халакост, патрабавалі знесці статую, а на яе месцы пабудаваць музей. Аднак гарадскія ўлады адмовіліся ад дэмантажу, прапанаваўшы змяніць успрыманне аб'екта праз «мастацкую кантэкстуалізацыю».

Ілюзія падзення 

Па выніках конкурсу перамог праект мясцовага мастака Клеменса Вілідаля пад назвай «Schieflage (Karl Lueger 3,5°)» — «Нахіл».

Ідэя заключалася ў тым, каб нахіліць увесь манумент разам з падмуркам на 3,5 градуса направа. Гэты вугал знаходзіцца на мяжы чалавечага ўспрымання: ён стварае адчуванне візуальнага дыскамфорту і ілюзію таго, што манумент страціў раўнавагу і гатовы абрынуцца. Такім чынам аўтар фізічна пазбавіў статую ранейшай манументальнасці.

Эскіз праект. Фота: viennaartweek.at

Будаўнічыя працы пачаліся ў студзені 2026 года і завяршыліся ў чэрвені. Для нахілу давялося здымаць статую і перарабляць масіўны падмурак, праводзячы сканаванне глебы, каб не пашкодзіць каранёвую сістэму гістарычнага платана, што расце побач. У выніку бюджэт праекта вырас з першапачатковых 500 тысяч да 776 тысяч еўра.

Нахілены помнік Карлу Люгеру ў Вене. Фота: Wikimedia Commons

Прычым 138 тысяч еўра з гэтай сумы пайшлі выключна на ачыстку помніка ад пратэсных графіці і фарбы. Гэта выклікала новую хвалю крытыкі. Актывісты і мастацтвазнаўцы заявілі, што, сціраючы надпісы, улады знішчылі сляды сучаснага грамадскага супраціву, якія самі па сабе з'яўляліся найлепшым гістарычным кантэкстам.

Каб канчаткова расставіць кропкі над «і», побач з нахіленым помнікам усталявалі новую інфармацыйную стэлу. Цяпер на ёй падрабязна і без купюр расказваецца пра антысемітызм самога Карла Люгера і пра нацысцкія погляды стваральніка яго помніка Ёзэфа Мюльнера.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула