БЕЛ Ł РУС

У Пружанскім касцёле новы арган, які прывезлі з Нідэрландаў. Папярэдні касцельны арган пусцілі на дровы для Дома культуры

12.07.2026 / 20:34

Ф. Раўбіч

У касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Пружанах 18 ліпеня адбудзецца ўрачыстае асвячэнне і інаўгурацыя гістарычнага духавога аргана пачатку XX стагоддзя. Інструмент, якому больш за сто гадоў, прывезлі наўпрост з Нідэрландаў, каб пасля доўгіх дзесяцігоддзяў маўчання вярнуць храму яго голас.

Новы арган на хорах пружанскага касцёла. Фота: інстаграм Ars Magna Organi

Як паведамляюць арганізатары фестывалю Ars Magna Organi на сваёй старонцы ў Instagram, для Беларусі перанос гістарычнага інструмента заходнееўрапейскай арганабудаўнічай традыцыі — падзея выключная. Цяпер у нашай краіне будзе ўсяго два гістарычныя галандскія арганы. Першы, 1924 года пабудовы, быў перанесены ў Магілёўскі конкафедральны касцёл у 2018 годзе.

Праспект (фасад) галандскага аргана 1912 года пабудовы, усталяванага ў Пружанах. Фота: інстаграм Ars Magna Organi

Новы пружанскі арган мае багатую і цікавую гісторыю. Ён быў пабудаваны ў 1912 годзе галандскім майстрам Марцінам Вермёленам для рэфармацкай царквы ў горадзе Шоўверзіл. Вермёлен — адметны нідэрландскі майстар, чые інструменты дагэтуль паспяхова гучаць у Еўропе, а яшчэ адзін яго арган 1910 года, напрыклад, актыўна выкарыстоўваецца ў Цэнтры мастацтва і музыкі ў Санкт-Пецярбургу.

Пульт кіравання (мануал) і драўляны корпус аргана. Фота: інстаграм Ars Magna Organi

Пасля таго як у 1986 годзе царкву ў Шоўверзіле закрылі, інструмент прайшоў капітальную рэстаўрацыю і быў перанесены ў горад Нумансдорп. Аднак у 2019 годзе з-за дрэннага стану будынка парафія пераехала, а старую царкву зноў закрылі. Лёс інструмента аказаўся пад пытаннем, пакуль у 2026 годзе яго не вырашылі перавезці і зманціраваць у пружанскім касцёле.

Унутраная будова аргана (выгляд зверху). Фота: інстаграм Ars Magna Organi

Унутраная будова аргана (выгляд зверху). Фота: інстаграм Ars Magna Organi

Рэгістровыя ручкі: Bas-Trompet 8', Disc-Trompet 8', Mixtuur. Фота: інстаграм Ars Magna Organi

Як адзначаюць спецыялісты, інструмент мае вельмі гучнае, поўнае і сакавітае рамантычнае гучанне, якое ідэальна раскрываецца ў выдатнай акустыцы трохнефнага храма з яго доўгай рэверберацыяй. Пры мантажы было прынятае рашэнне размясціць арган не на самым краі парапета, а ў глыбіні хораў — гэта дало не толькі найлепшы акустычны эфект, але і дазволіла пакінуць месца для харавога калектыву ці ансамбля.

Гістарычны выгляд хораў пружанскага касцёла. Фота: інстаграм Ars Magna Organi

Для Пружанаў усталяванне гэтага інструмента — вяртанне гістарычнай справядлівасці. Лёс папярэдняга аргана, які стаяў на тых жа хорах, быў трагічным. Сам касцёл, збудаваны ў 1883 годзе па праекце славутага архітэктара Генрыка Марконі, моцна пацярпеў ад савецкага атэізму.

Калі ў 1951 годзе ўлады канчаткова апячаталі храм і пачалі яго перабудоўваць пад Дом культуры, царкоўнай маёмасцю распрадзіліся максімальна цынічна: драўляныя дэталі ўнікальнага аргана пусцілі на дровы для абагрэву будынка, металічныя трубы здалі на металалом, а літургічнае адзенне парэзалі на тэатральныя касцюмы.

Новы арган на хорах пружанскага касцёла. Фота: інстаграм Ars Magna Organi

Урачыстае асвячэнне новага аргана і першы канцэрт адбудуцца 18 ліпеня ў 11:00. Адкрываць новы інструмент будзе выканаўца з сусветным імем — прафесар Штэфан Энгельс (Германія / ЗША), які з'яўляецца кіраўніком кафедры аргана ў Школе мастацтваў пры Паўднёвым метадысцкім універсітэце ў Даласе (Тэхас).

Гэты канцэрт стане часткай вялікага фестывалю Ars Magna Organi. Пасля 18 ліпеня, кожны тыдзень аж да 2 кастрычніка, у пружанскім касцёле будуць праходзіць сольныя і ансамблевыя канцэрты — усяго запланавана 15 выступаў, і ўваход на ўсе імпрэзы будзе вольны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула