БЕЛ Ł РУС

Рэшткі «Вагнера» на чале з сынам Прыгожына стварылі наркаімперыю ў ЦАР

12.07.2026 / 11:43

Nashaniva.com

Праз кантроль над гандлем «какаіну для бедных» яны ўтрымліваюць кантроль над ляснымі і залатымі рэсурсамі краіны.

Павел Прыгожын. Фота: сацсеткі

Рэшткі расійскай ПВК «Вагнер» стварылі ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы (ЦАР) наркаімперыю, заснаваную на трамадоле. Гэта абязбольвальнае, якое ў высокіх дозах дзейнічае як моцны стымулятар, яго называюць «какаінам для бедных». Кіруе ўсім сын Прыгожына, расказвае The Wall Street Journal.

Рэкамендаваная доза трамадола — 50—100 мг, але ў ЦАР шырока прадаюцца таблеткі па 200 мг і вышэй.

Гэта абязбольвальнае ўжываюць шахцёры на залатых прыісках вагнераўцаў, каб працаваць доўгімі гадзінамі. Баевікі прымаюць высокія дозы перад боем, каб падавіць страх і павысіць агрэсію.

Пасля гібелі Прыгожына і паглынання большай часткі «Вагнера» расійскай дзяржавай, у вярхоўях ракі Убангі застаецца да 500 байцоў групы. Праз кантроль над гандлем трамадолам яны ўтрымліваюць кантроль над ляснымі і залатымі рэсурсамі краіны — паводле ацэнкі Global Initiative, даход ад нелегальнага экспарту золата складае $180 млн за год, плюс дадатковы даход ад кантрабанды наркотыку.

Зараз групу там узначальвае Павел Прыгожын, сын заснавальніка Вагнера.

Трамадол у асноўным вырабляецца ў Індыі, экспартуецца фірмам у Конга (афіцыйна як звычайныя дозы па 50 мг, але з прымешкай высокадозавых таблетак). Далей кантрабандысты перапакоўваюць яго і перапраўляюць з Кіншасы ў прыгранічны горад Зонга, а адтуль праз раку Убангі — у ЦАР, дзе ён свабодна прадаецца ў крамах Бангі. Цана на прэпарат вырасла ўтрая за апошні год.

Пры перапродажы ў Камерун партыя коштам $7000 можа прынесці да $21 000, хоць кантрабандыстам даводзіцца плаціць каля $4000 хабару вагнераўцам і саюзным узброеным групам.

У лютым мінулага года правагнераўскае апалчэнне забіла каля 130 фулані-жывёлагадоўцаў — самы смяротны напад на цывільных з сакавіка 2022 года.

Некалькі звязаных з «Вагнерам» груп («Sharks», «Black Russians») патрулююць Бангі, запалохваючы прыхільнікаў апазіцыі — у тым ліку перад мінулагоднімі прэзідэнцкімі выбарамі, якія трэцім разам выйграў прэзідэнт Туадэра.

Эксперты адзначаюць, што адносная ізаляванасць і малая стратэгічная значнасць ЦАР дазваляюць «Вагнеру» дзейнічаць амаль без увагі звонку — у адрозненне ад Малі ці Мазамбіка, дзе ёсць рэальныя пагрозы з боку груповак, звязаных з ІД.

Даследчыкі асцерагаюцца, што «Вагнер» можа ўзмацніць хаос у рэгіёне — асабліва ў Судане, дзе мяцежныя Сілы хуткага рэагавання (RSF) умацоўваюцца на поўдні і захадзе краіны, недалёка ад мяжы з ЦАР, і вагнераўцы ўжо заходзяць у Дарфур у каардынацыі з RSF.

Чытайце таксама:

«Вагнер» пераключыўся на дыверсіі ў Еўропе

«Яны горшыя за французаў, мы трапілі з агню ды ў полымя». Як «Вагнер» праваліўся ў Малі

Каментары да артыкула